Пасля збіцця падчас акцыі 25 сакавіка здароўе Валерыя Шчукіна значна пагоршылася

Пасля выпіскі з ваеннага шпіталя вядомы беларускі праваабаронца Валерый Шчукін знаходзіцца дома, але з кватэры ўжо практычна не выходзіць.

“Калі зусім не змагу хадзіць, то прыпаўзу на наступную вулічную акцыю”, – кажа сайту palitviazni.info Валерый Аляксеевіч.

Нагадаем, што 22 сакавіка Валерый Шчукін адзначыў свой 75-гадовы юбілей, а ўжо праз тры дні, падчас святкавання Дня волі, АМАПаўцы яго жорстка збілі. Пасля гэтага ён патрапіў у шпіталь, а зараз знаходзіцца дома на пасцельным рэжыме.

“Дзень хаджу, а два-тры дні ляжу ў пасцелі, – распавядае Валерый Аляксеевіч. – Не скажу, што раней у мяне было здароўе 20-гадовага хлопца, але яно значна пагоршылася менавіта пасля таго, як патрапіў пасля Дня волі ў шпіталь. Зараз ледзь ногі перасоўваю, адчуваю слабасць у арганізме. Але ж рухацца ўсё роўна трэба”.

Валерый Шчукін кажа, што слядоў на нагах пасля збіцця дубінкамі ўжо амаль не засталося, але “такія працэдуры здароўя таксама не дадаюць”.

“Я, як кажуць, не першы год замужам, таму не сказаў бы, што патрапіў падчас Дня волі ў стрэсавую сітуацыю, і гэта магло паўплываць на здароўе, – адзначае ён. – Але тры гадзіны сядзець на мокрым асфальце – гэта таксама не вельмі добра для арганізма. У шпіталі я прайшоў поўнае медыцынскае абследванне, знайшлі воз і маленькі вазок розных хвароб, але ж усё гэта не смяротна”.

Валерый Аляксеевіч дадае, што ўрачы параілі яму “рэгулярнае абследванне, цішыню і спакой”, але на такое ён не пагаджаецца.

“Калі зусім не змагу хадзіць, то прыпаўзу на вулічную акцыю, – кажа Валерый Шчукін і пытаецца: – Калі наступная?..»

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Корбан
  • Павал Красоўскі
  • Віталь Мацукевіч
  • Мікіта Сасім
  • Яўген Скочка