Валерый Шчукін: Я – салдат арміі справядлівасці

Валерый Шчукін73-гадовы Валерый Аляксеевіч Шчукін – адзін з самых сталых і вядомых праваабаронцаў Беларусі. У свой час быў рэкардсменам па колькасці знаходжання на “сутках”. Сам ён кажа, што раней нават вёў дзённік, дзе ўлічваў кожную ўласную “ходку”. А, калі лічба стала трохзначнай, перастаў весці ўлік.

Ён, як ніхто іншы ведае, у якіх умовах утрымліваюцца беларускія вязні за кратамі, і быў адным з першых, хто стаў змагацца за іх правы. Пра выжыванне ва ўмовах няволі, пра завостранае пачуццё справядлівасці Валерый Шчукін распавядае сайту palitviazni.infо.

– Валерый Алексеевіч, узгадайце за што апынуліся за кратамі ў самы першы раз?

– Гэта было так даўно, што акалічнасці менавіта першай “ходкі” узгадаць зараз цяжка. Я дакладна не памятаю, за што апынуўся ў няволі ўпершыню, але адназначна гэта было пасля таго, як Лукашэнка фактычна разагнаў парламент XIII склікання. Бо ў сярэдзіне 90-х дзеючых дэпутатаў саджаць усё ж такі баяліся.

Пазбавіўшыся дэпутацкай недатыкальнасці, я не кінуў актыўнай грамадзянскай дзейнасці, за што і трапіў у поле зроку нашых праваахоўных органаў. Спачатку мяне проста спрабавалі палохаць, але я, былы афіцэр, на пагрозы проста не звяртаў увагу. Потым мяне каралі штрафамі па адміністрацыйных артыкулах, “паехаў на суткі”…

– Прызнайцеся, было крыху страшнавата?

– Было. Але не ад таго, што будуць біць ці катаваць. Я, як любы нармальны чалавек, баяўся невядомасці. Што там? Як там? Чаго чакаць? Першыя мае “суткі” праходзілі ў сумнавядомым прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Тое, што я там пабачыў, было жахліва. Гэта зараз у камерах гэтай установы знаходзяцца нары, а ў сярэдзіне 90-х у кожнай з камер быў звычайны драўляны насціл, так званая “сцэна”. Ну і вось ўявіце: адначасова на гэтым драўляным насціле ляжыць чалавек дваццаць. Зразумела, асабліва не раскінешся, таму ўсе ляжаць шчыльна адзін да аднаго і варочаюцца па “раскладзе”. Катаванне? Безумоўна. Акрамя таго, звычайных перакрыццяў ля санвузлоў не было. Смярдзела, дай Бог! А у камеры №8 санвузел знаходзіўся на своеасаблівых прыступках. Сядзіш, а ўсе сукамернікі на цябе глядзяць, нібы на сядзельца “на троне”. Здзек? Таксама, безумоўна. З гэтым трэба было нешта рабіць. Я стаў пісаць у Дэпартамент выканання пакаранняў, у сілавыя міністэрствы, у прэсу. Я не стаўлю сабе гэта ў заслугу. Па-першае, арыштанты – гэта ж не скаціна, а такія самыя людзі. Па-другое, не цярплю, калі прыніжаюць чалавечую годнасць.  У рэшце рэшт, я дапісаўся да таго, што ўмовы ў спецпрыёмнику палепшыліся. Зараз, наколькі я ведаю, арыштаваным нават лыжкі выдаюць.

– Вам не давалі?

– Арыштаваным давалі толькі ніжную частку лыжкі, так званае “хлябала”. Як хочаш, так і харчуйся з яе. Я палічыў, што такі стан рэчаў прыніжае маю чалавечую годнасць і проста выкінуў гэтае “хлябала” з камеры на калідор. Узняўся лямант, прыбеглі ахоўнікі, маўляў, хто тут уздымае бунт? Камеру “абшманалі”, камусьці дубінкай дасталося. Але я стаяў на сваім – я не скаціна, каб так есці. Мне спрабавалі тлумачыць, што цэлай лыжкай пры жаданні я магу сабе вены парэзаць. У выніку, мне прынеслі нармальную лыжку. І потым за гэты “шмон” я быў ворагам для іншых сядзельцаў.

Можа вам падасца, што я распавядаю пра нязначныя рэчы, але ўпэўнены, што менавіта з такіх драбніц выбудоўваецца справядлівасць і чалавечая годнасць. Я не магу даць правільны рэцэпт кожнаму: рабі, як я. Проста ведаю, што за свае правы заўжды трэба змагацца.

– Гэтае змаганне дорага каштуе…

– Ступень таго, як далёка ты можаш зайсці, кожны чалавек вырашае сам. Нехта трымае галадоўку, нехта не піша памілаванне Лукашэнку, нехта проста патрабуе выкананне закона, нават знаходзячыся за кратамі. Дарэчы, я сядзеў на Акрэсціна, на Валадарцы, у Жодзіна… Але ніколі не хадзіў з замкнутымі за спінай рукамі і не станавіўся тварам да сцяны. Чаму? Нідзе няма такой нормы, што арыштант павінен падапарадкоўвацца гэтым правілам. Так, гэтыя нормы ўтрымліваюцца ва ўнутраных правілах закрытых устаноў, але нідзе ў публічным друку іх не было. Таму я вырашыў для сябе проста: калі грамадзян Беларусі публічна не абавязалі хадзіць па схеме “рукі за спінай – твар да сцяны”, то я гэтага рабіць не буду.

– Не прымянялі да вас фізічную сілу за такое свавольства?

– За кратамі мяне ніхто і пальцам ні разу не крануў. Білі ў асноўным падчас затрымання вар’яты ў цывільным. Памятаю, падчас назірання за мясцовымі выбарамі ў 2007-м годзе мяне літаральна вынеслі з участка. Двое неслі, а трэці ботам па спіне біў. А за кратамі мне ніколі, дзякуй Богу, не даставалася. Хоць там, паверце, і без фізічных здзекаў не салодка. І няма дакладнага рэцэпту, як сябе там паводзіць. Задача карнай беларускай машыны – зламаць, а не перавыхаваць чалавека. Задача сядзельца – застацца чалавекам, не зламацца.

Хаця для чалавека, які туды трапляе ўпершыню, – гэта, безумоўна, стрэс. Калі табе на ўвесь тэрмін зняволення выдаюць невялікі кавалак паперы для прыбіральні і кубічны сантыметр мыла,  то, як кажуць, прабачце… І не важна, колькі ты сядзіш – трое сутак, дзесяць альбо пятнаццаць. Хочаш – выкінь тое мыла, а можаш мыцца раз на тыдзень. Ды яшчэ і права проста памыцца трэба яшчэ адстойваць.

Нават так!?

– Аднойчы мне далі 15 сутак за тое, што я быццам бы лаяўся матам. Суткі адбываў у Вялікай Бераставіцы, што ў Гродзенскай вобласці. Ведаючы свае правы, стаў патрабаваць выканання закона. А ў той Вялікай Бераставіцы ўмоваў, каб арыштаваныя маглі памыцца, проста няма. Я кажу: “Мне ўсё роўна. Хоць у лазню вядзіце, але закон выконвайце” . Выйсце міліцыянеры знайшлі – прынеслі мне два вядра вады і вывелі ў двор мясцовага пастарунка. Стаю, мыюся, а вакол жылыя дамы. І мясцовыя жыхары з цікавасцю за працэсам назіралі.

–  Валерый Аляксеевіч, ці не шкадуеце, што ваша жыццё склалася менавіта так. Бо гэта ж, па сутнасці, барацьба з ветракамі…

– Ведаеце, я ніколі не расказваў гэта раней, але мяне хацелі прызначыць дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў першага склікання. Прапаноўвалі разнастайныя бонусы, грошы, пасаду. Але я адмовіўся, бо выбраў свой шлях. І ні разу па пашкадаваў аб тым, якое жыццё пражыў. Я салдат, які аддаў шмат гадоў службе на флоце, а ў цывільным жыцці папоўніў шэрагі салдат арміі справядлівасці — простых і сумленных людзей. Я бачыў сваё наканаванне ў тым, каб дапамагаць людзям. Дапамагаючы ім, адстойваючы свае і іх правы, даводзілася нечым ахвяраваць. У маім выпадку – свабодай.

– Многія ведаюць, што вы не прызнаеце Аляксандра Лукашэнку сапраўдным прэзідэнтам краіны. Але ведаю, што аднойчы ўсё ж-такі да яго звярнуліся…

– Так, аднойчы гэта гэта было. У тыя часы, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Я звярнуўся да яго з лістом, у якім прасіў не падпісваць Закон аб трансплантацыі ў той рэдакцыі, у якой ён быў. Справа  ў тым, што гэты закон быў, так бы мовіць, ананімным. А я выступаў за тое, каб чалавек, якому перасаджваюць орган, мог ведаць свайго донара. Пасля майго звароту Лукашэнка дакумент і сапраўды не падпісаў. Потым дэпутатаў пазбавілі паўнамоцтваў, а пазней Палата прадстаўнікоў прыняла гэты закон у яшчэ горшым выглядзе…

– Як вы адчулі, што краіна трапляе ў багну дыктатуры?

– Знакавай стала адстаўка Віктара Ганчара. Потым ніводныя выбары не былі прызнаны свабоднымі. І я вам скажу, што Беларусь скацілася да дыктатуры шэптам. Шэптам старшынь участковых выбарчых камісій, якія сталі пісаць “патрэбныя”, а не рэальныя лічбы.

– Дарэчы, ваш радыкалізм дапамагаў вам у жыцці?

– Калі я быў дэпутатам Полацкага гарадскога савета, мяне высялілі з інтэрната, дзе ў мяне была прапіска. Матывацыя знайшлася такая: камусьці тэрмінова патрэбна маё “ложак-месца”. Праз суд мяне выгналі з інтэрната, я жыў на полацкім і віцебскім вакзалах. Гэта не значыць, што мне не было дзе жыць. Проста я абраў такую форму барацьбы. Так, яна стала безвыніковай, але не кожная атака прыводзіць да паражэння праціўніка. У статусе “бомжа” я прабыў трынаццаць гадоў, пашпарт мне зрабілі сёлета. За гэты час мяне спрабавалі пазбавіць вайсковай пенсіі – адзінай крыніцы даходу. І, напэўна, зрабілі б гэта, калі б аднойчы, на прыёме ў Мінабароны краіны, я не сказаў літаральна наступнае: “Пазбавіце пенсіі, сяду на прыступкі ля галоўнага ўвахода ў вашае міністэрства з працягнутай рукой і буду прасіць грошай у мінакоў…” Вось і мяркуйце самі: радыкалізм гэта, ці адстойванне ўласных правоў даступнымі метадам. Дарэчы, і зараз я гатовы падтрымаць любы мірны пратэст. Я – салдат, а былых салдатаў не бывае.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Даронін
  • Уладзімер Падгол
  • Наста Дашкевіч
  • Мікіта Сасім