Валеры Шчукін: “Камера гатовая была мяне разарваць…”

Калі цябе кінулі ў камеру, ці магчыма «лепшае жыццё» за кратамі? Валеры Шчукін — пра тое, чаму і як яму даводзілася змагацца за чалавечыя ўмовы ўтрымання ў беларускіх месцах зьняволення.
— Я, шчыра кажучы, не ведаю, наколькі паўплываў я, але арыштаваных сталі карміць КОЖНЫ дзень. Бо раней як кармілі? Дзень кормяць — дзень не кормяць. А цяпер уявіце, што сёння — дзень кармлення, а вас у гэты дзень затрымалі. Міліцыя ніколі затрыманых не корміць. Прывялі вас у камеру пад вечар. Ужо ўсё з’елі, ніхто нічога не пакінуў, вы галодны. На наступны дзень не належыць карміць — ізноў галодны. Як мінімум два дні чалавек галадае. Зараз, я ведаю, кормяць ужо кожны дзень і без праблем. Я таксама пісаў пра гэта, але ці залежыць ад мяне, сказаць не магу.

А вось што сталі агароджваць ў камерах прыбіральні — гэта так. Я пісаў шмат па гэтым пытанні як журналіст і магу сказаць пэўна, што так, я прыклаў свае рукі да гэтай справы хоць неяк. Ёсьць перамены, працэс пайшоў. Гэтак жа, як і з жанчынамі-міліцыянтамі. Жанчыны-сьледчыя былі, але тут, у турмах, жанчын-супрацоўнікаў не было. І атрымлівалася, што сядзіць у камеры жанчына, а наглядчык-мужчына на яе глядзіць. Ходзіць па калідоры, і кожныя 15 хвілін яму належыць паглядзець. Ну ці мала, яна пераапранаецца або на гаршку ў гэты час сядзіць… І наогул, прабачце мяне, спяць неяк нагамі да дзьвярэй, а не галавой, ці мала як яна разьмясцілася. Глядзець на жанчыну праз ногі… Гэта непрыстойна неяк. І затрымліваць, і дапытваць… Бо не павінны мужчыны затрымліваць жанчын! А жанчыны маўчаць. Мяне, наадварот, толькі мужчыны маюць права хапаць. Гэта тычыцца абодвух палоў.

Я быў адным з тых, хто гэтае пытанне ўздымаў, як і іншыя пытанні, якія заставаліся нявырашанымі. Усе маўчаць. Адзін-два галасы нічога не вырашаць. Пішыце скаргу: «Мяне пазбавілі прагулкі». А што для яе няма ўмоваў, вас не тычыцца. Няма ўмоваў — не саджайце. Трэба ж патрабаваць.

Звычайна начальнікі калоній і іх намесьнікі скардзяцца на недахоп сродкаў, але зняволенаму якая справа? Наша краіна займае трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці арыштантаў на 10 тысяч насельніцтва. ЗША, Расія — і потым мы. Калі амністыя праходзіць, мы перамяшчаемся на пятае месца. Потым зноў саджаюць, і мы зноў на трэцім. Навошта столькі людзей трымаць у турме? Незразумела. Можна пачакаць, можа, цяпер няма умоваў, няма месцаў – Бог з вамі, праз месяц пасадзіце. Ёсць жа дзяржавы, дзе чакаюць чаргі сваёй, каб пасядзець у турме, але павінны быць нармальныя ўмовы. Бо пазбаўляюць свабоды, але ніяк не чалавечых умоваў быцця. Яны павінны быць ва ўсіх!

Мы ў масе сваёй не патрабуем нічога. Людзі баяцца, шчыра кажучы. Вось у свой час, калі я яшчэ першы раз на Акрэсьціна сеў, там лыжкі адломвалі. І давалі гэтыя абломкі, якія пальцам бярэш і гэтак ясі. Я сказаў, што есьць гэтак не буду. Але ізноў-такі: мне персанальна лыжку давалі, астатнія працягвалі есьць так. Але яны маўчаць, іх гэта цалкам задавальняе. Аднойчы я ўзяў жменю гэтых «лыжак» і шпурнуў па калідоры… Урываецца ў камеру адміністрацыя: «Супакойце яго, а то зараз АМАП выклічам!» Ну што такое выклікаць АМАП? Паставяць цябе да сценкі і пачнуць лупіць дубінкамі направа і налева. І камера гатовая была мяне разарваць. З-за мяне ім пагражаў АМАП, які б’е, не разбіраючы. Ну добра, я там нешта парушыў, шпурнуў гэтыя лыжкі, але караюць ўсіх. Гэта настолькі было страшна, што людзі гатовыя былі мяне расстраляць. Я бачыў гэтыя вочы. Чым скончылася гэтая гісторыя? А нічога, лыжкі сталі нармальныя. Прычым — усім!

У Жодзіне потым было тое ж самае: даюць паўбуханкі ці буханку хлеба на дзень, а нож жа не даюць! Ламай яе і еш! Ну, народ прыстасоўваецца: дапусцім, ніткамі рэжуць, скручанымі ў некалькі столак — дык і гэтыя ніткі ў іх забіраюць. Я пачынаю шумець, давай патрабаваць… Што робяць гэтыя нягоднікі? Мне мой хлеб рэжуць — астатнім так і даюць. І ўсе маўчаць! Балазе, людзі разумелі, што гэта не таму, што я «любімчык» або яшчэ нешта. Але ўсё роўна, калі табе нейкія прывілеі ў адносінах да іншых, гэта настройвае зняволеных адзін супраць аднаго.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Баразенка
  • Алег Сурган
  • Антон Койпіш
  • Арцём Дубскі
  • Уладзімер Кудзінаў