Настасься Азарка

Беларуская паэтка і грамадзкая актывістка. Адна з асуджаных па “справе Маладога Фронту” у 2007 г. Насту Азарку судзілі асобна ад іншых маладафронтаўцаў — у родным горадзе Нясьвіжы.

Нарадзілася 4 сьнежня 1981 г. у вёсцы Квачы Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці, у 1999 г. скончыла сярэднюю школу №4 г. Нясьвіжа. У 1999–2000 гг. навучалася ў ПТВ г. Ганцавічы Берасьцейскай вобласьці, у  2000–2003 гг. — у Нясьвіскім дзяржаўным пэдагагічным каледжы імя Якуба Коласа па прафэсіі настаўнік пачатковых клясаў. Кіравала нясьвіскай суполкай “МФ”, пакуль у 2003 г. не адбыўся яе самароспуск. Працавала ў базавай школе вёскі Сугвазды Валожынскага раёну Менскай вобласьці, на ільнозаводзе ў мястэчку Гарадзея Нясьвіскага раёну. Зь дзяцінства піша вершы, бярэ ўдзел у літаратурным аб’яднаньні “Валошкі” у Нясьвіжы. Выдала некалькі паэтычных зборнікаў.

Храналёгія перасьледу

Першы адміністратыўны арышт у 5 сутак атрымала за ўдзел у акцыі 21 ліпеня 2004 г. Другі (10 сутак) – за ўдзел у пратэстах пасьля рэфэрэндуму ў тым жа 2004 г.

У 2006 г. сьледчым Д.М. Мехавым ва УУС Менаблвыканкаму была распачатая крымінальная справа па артыкуле 193.1 КК РБ (арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй), якую прыпынілі “за адсутнасьцю доказаў”. Аднак крымінальная справа была адноўленая 5 сакавіка 2007 г. паводле пастановы сьледчага пракуратуры Менскай вобласьці В.А. Аляксеева.

Наста Азарка падазравалася ў тым, што “сумесна зь іншымі асобамі ў пэрыяд з кастрычніка 1998 да гэтага часу прымала актыўны ўдзел у незаконнай дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня “Малады Фронт”, якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі. Пры гэтым распаўсюджвала друкаваную прадукцыю з заклікамі да барацьбы з існуючым грамадзкім ладам і дзеючай дзяржаўнай уладай у Рэспубліцы Беларусь, прымала актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні несанкцыянаваных мітынгаў, агітацыйнай і іншай дзейнасьці, скіраванай на дасягненьне мэтаў указанага аб’яднаньня”.

4 верасьня 2007 г. судзьдзя Марыя Дунаева суду Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці прызнала Насту Азарку вінаватай ва ўчыненьні інкрымінуемага ёй злачынства і прызначыла ёй пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 40 базавых велічыняў.

З восені 2008 году далучылася да моладзевага руху “Маладая Беларусь”. У ліпені 2010 г. ёй пагражалі завесьці крымінальную справу за вывешваньне нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў у Нясьвіжы ў гонар гадавіны незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Зараз Наста гадуе маленькае дзіця.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні