Зьміцер Мядзьведзь

Нарадзіўся 16 студзеня 1960 году ў Менску. Скончыў БНТУ (у той час — Менскі політэхнічны інстытут). Па спэцыяльнасьці інжынэр-энэргетык. Некаторы час працаваў на адной з катэдраў роднага інстытуту, потым – у сфэры будаўніцтва. Многія вядомыя аб’екты беларускай сталіцы пабудаваныя з ягоным удзелам — напрыклад, Зьміцер Мядзьведзь быў намесьнікам дырэктара генпадраднай арганізацыі пры будаўніцтве парку адпачынку “Сонечная даліна” ў мікрараёне Курасоўшчына. Пазьней ён меў уласны дробны бізнэс, фірма займалася рамонтнымі работамі.

Не займаўся палітыкай, ня мае дачыненьня да палітычных партыяў і рухаў. Падчас зьняволеньня дома яго чакалі жонка з нованароджаным дзіцем.

Храналёгія перасьледу

На плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году прысутнічаў разам са старэйшым сынам ад першага шлюбу, каб быць упэўненым у яго бясьпецы. Настойліва прапаноўваў сыну сыйсьці. У выніку і ён сам, і ягоны сын былі затрыманыя ўначы з 19 на 20 сьнежня і асуджаныя на 10-суткавыя арышты на Акрэсьціна.

Пасьля адбыцьця адміністратыўнага тэрміну Зьміцер Мядзьведзь быў паўторна арыштаваны і зьмешчаны ў менскі сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага — гэтым разам у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. 6 студзеня 2011 г. яму было прад’яўленае абвінавачваньне па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ (масавыя беспарадкі).

Асуджаны 10 сакавіка 2011 г. у Маскоўскім райсудзе Менску на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў
  • Алег Гнедчык
  • Юлія Чыгір