Лісты, якія дасылаюць Міхаілу Жамчужнаму, знішчаюць “за цынізм”

Палітвязень Міхаіл Жамчужны зараз знаходзіцца ў ПКТ Горацкай калоніі і скардзіцца, што яму не доходзяць не ўсе лісты.

Пра гэта сайту palitviazni.info паведаміла грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з палітвязнем.

Нагадаем, што з 20 лютага Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА. Гэта было звязана з тым, што следчыя аднавілі крымінальную справу 2011 году аб крадзяжы маёмасці Жамчужнага, якая ў свой час была спынена.

Пасля гэтага Міхаіла Жамчужнага вярнулі ў Горацкую калонію. Раней паведамлялася, што з 29 красавіка палітвязня на паўгода адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Сёння ад Міхаіла прыйшоў ліст, у якім ён напісаў, што мой ліст, які дасылала яму, быў знішчаны “за цынізм”, – распавядае Вольга Мікалайчык. – Жамчужны гэты факт абскардзіў у Магілёўскае ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў, але знішчаны ліст не змаглі праверыць на змест цынізма, бо… ліст знішчаны.

Натуральна, ніякага цынізма ў маіх лістах не было, але відавочна, што над чалавекам працягваюць здзеквацца”.

Таму Міхаіл папрасіў фатаграфаваць лісты, якія яму адпраўляюцца, і захоўваць копіі, бо знішчылі не толькі лісты Вольгі Мікалайчык, але і Зміцера Паліенкі.

“Жамчужны піша, што ў ПКТ “адпачывае душой і целам”, а вечарам дзве гадзіны займаецца спортам, “каб перажыць прэзідэнта”, – працягвае Вольга Мікалайчык. – У Віцебску ён хацеў абскардзіць свае крымінальныя справы, але яны таксама зніклі, таму не можа нават абскарджванне падаць”.

palitviazni.info

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Мікіта Ліхавід
  • Алесь Круткін
  • Аляксандар Васільеў
  • Міхаіл Жамчужны