Куды знікаюць лісты палітвязня Міхаіла Жамчужнага?

Праваабаронца Леанід Свецік, які лістуецца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, распавёў сайту palitviazni.info, што ўжо больш за месяц з Горацкай калоніі няма ніякіх навін.

“Калі закончыцца прэзідэнцкая кампанія, буду скардзіцца ў магілёўскае ўпраўленне Дэпартамента выканання пакарання і абласную пракуратуру з нагоды таго, што знішчаюць лісты Жамчужнага, а таксама тых, хто яму піша”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што з 20 лютага Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА. Гэта было звязана з тым, што следчыя аднавілі крымінальную справу 2011 году аб крадзяжы маёмасці Жамчужнага, якая ў свой час была спынена.

Пасля гэтага Міхаіла Жамчужнага вярнулі ў Горацкую калонію. Раней паведамлялася, што з 29 красавіка палітвязня на паўгода адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Як вядома, з ПКТ дазваляецца пісаць, але ўжо больш за месяц ад Міхаіла Жамчужнага няма ніводнага ліста, хаця я яму адправіў два, – кажа Леанід Свецік Пытанне з лістамі ад палітвязня вельмі складанае. Лісты даходзяць праз раз, а можа быць і праз два. Часам у перапісцы мы закранаем нейкія палітычныя тэмы, але ж гэта не нагода для таго, каб знішчаць лісты. Апошні раз ад яго прыйшоў ліст у чэрвені”.

Яшчэ раней Жамчужны пісаў на волю, што многія яго лісты знішчае цэнзура. Ліст, які актывістка Вольга Мікалайчык даслала Міхаілу, таксама быў знішчаны за “цынізм”. Таму палітвязень папрасіў фатаграфаваць лісты, якія яму адпраўляюцца.

“Калі закончыцца прэзідэнцкая кампанія, буду скардзіцца ў магілёўскае ўпраўленне Дэпартамента выканання пакарання і абласную пракуратуру з нагоды таго, што знішчаюць лісты Жамчужнага, а таксама тых, хто яму піша, – дадае Леанід Свецік.Гэта працягваецца пастаянна, і гэта ўжо ўсім надакучыла”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Завадскі
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Мікіта Емельянаў
  • Віталь Рымашэўскі