Міхаіла Жамчужнага з 20 красавіка ізноў адпраўляюць у ШІЗА?

Палітвязень Міхаіл Жамчужны зараз знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) Горацкай калоніі, але ў бліжэйшыя дні яго, відаць, адправяць у ШІЗА.

“З 20 красавіка я буду недасягальны для ліставання”, – напісаў Жамчужны віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку.

Нагадаем, што з 20 лютага Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА. Гэта было звязана з тым, што следчыя аднавілі крымінальную справу 2011 году аб крадзяжы маёмасці Жамчужнага, якая ў свой час была спынена. Але яго ўжо вярнулі ў Горкі.

“Апошні ліст Міхаіл адправіў з ПКТ Горацкай калоніі, – кажа Леанід Свецік. – Даслаў некалькі копій дакументаў – пастанову следчага на яго хадайніцтва. Бачна, што Жамчужнаму не далі нават магчымасці сустрэцца ў Віцебску з дваюроднай сястрой, не дазволі ні перадачу, ні грошы”.

Міхаіл Жамчужны дадае, што ў Віцебскім СІЗА “нават крыху паправіў сваё здароўе”.

“Этапіраванне ў Віцебск і знаходжанне там у следчым ізалятары было для Міхаіла ў пэўным сэнсе, як адпачынак, – адзначае праваабаронца. – За гэты час у яго крыху аднавіўся зрок, бо ў Горках ён і света нармальнага не бачыў – то ПКТ, то ШІЗА.

Відаць, у хуткім часе ізноў пойдзе ў штрафны ізалятар, бо напісаў, што з 20 красавіка будзе недасягальны для ліставання. Канкрэтна не ўказваў на ШІЗА, але пра гэта і так можна здагадацца.

Хаця, можа быць, гэта і да лепшага. У атрад з нізкім статусам Міхаіл Жамчужны ў любым выпадку не пойдзе, ды і няма гарантыі, што сярод зняволеных няма хворых на каронавірус”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Рубцоў
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Мікіта Сасім