Таццяна Рэвяка: “Справа Жамчужнага” выходзіць на новы палітычны ўзровень

З 10 красавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў Памяшканні камернага тыпу Горацкай калоніі. Адміністрацыя ўстановы вынесла яму чарговае спагнанне ў выглядзе 2 месяцаў змяшчэння ў ПКТ.

“Справа Жамчужнага” прынята на разгляд ў Камітэце супраць катаванняў ААН, а прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, якія прадстаўлялі даклад па Беларусі, вымушаны былі адказваць пра тое, што адбываецца з Міхаілам”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.

Нагадаем, што праблемы ў палітвязня Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання і арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

– Апошніх навін ад Міхаіла няма, таму што з ім зараз няма ніякай сувязі, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – А я зараз чакаю адказу на скаргу, якую даслала начальніку калоніі. У скарзе ўказала, што мне дакладна вядома: Міхаіл Жамчужны адпраўляў лісты, але яны некуды зніклі. Цяпер няма ні лістоў, ні адказу з калоніі. Адным словам, Міхаіла цалкам ізалявалі. Толькі адвакат можа з ім сустрэцца.

– Адным словам, ціск на Жамчужнага працягваецца…

– У ШІЗА не прадугледжна адпраўленне і атрыманне лістоў, але ж на Памяшканне камернага тыпу (ПКТ), дзе зараз утрымліваецца Жамчужны, гэтая норма не распаўсюджваецца. Таму ізаляцыя са знешнім светам відавочная.

– Наколькі вядома, упершыню “справа Жамчужнага” ўзгадваецца ў рэзалюцыі Еўрапарламента. Гэта так?

– Так, рэзалюцыя была прынята ў красавіку гэтага году, таму, думаю, справа выходзіць на новы палітычны ўзровень. Структуры Еўрасаюза будуць звяртаць увагу беларускіх уладаў на лёс Міхаіла, і мы задаволены, што гэта нарэшце адбылося.

Акрамя таго прынята на разгляд гэтая справа і ў Камітэце супраць катаванняў ААН, а прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, якія прадстаўлялі даклад па Беларусі, вымушаны былі адказваць пра тое, што адбываецца з Жамчужным. Зараз чакаем пытанні, якія Камітэт супраць катаванняў ў бліжэйшы час сфарміруе да беларускіх уладаў. Думаю, што сярод іншых будзе ўтрымлівацца і пытанне, якое датычыцца Жамчужнага. Адным словам, ідуць нейкія сур’ёзныя працэсы, якія могуць паўплываць на лёс Міхаіла. Хаця, можа быць, з гэтым і звязана сёняшння ізаляцыя Жамчужнага.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Бондар
  • Яўген Скочка
  • Славамір Адамовіч
  • Cяргей Антончык
  • Аляксандар Баразенка