Міхаіл Жамчужны: У дачыненні да мяне хочуць распачаць новую крымінальную справу

6 лютага палітвязень Міхаіл Жамчужны павінен выйсці ў Горацкай калоніі з памяшкання камернага тыпу (ПКТ), куды быў змешчаны на месяц.

Як стала вядома сайту palitviazni.info, Міхаіл паведаміў на волю, што зараз яму рэальна пагражае новая крымінальная справа.

Нагадаем, што з пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. За гэта Міхаіла пастаянна караюць ШІЗА альбо змяшчэннем у ПКТ.

“Сітуацыя можа значна пагоршыцца, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік праваабарончай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка. – Міхаіл змог перадаць на волю, што ў дачыненні да яго хочуць распачаць новую крымінальную справу па арт. 411 – за злоснае непадпарадкаванне патрабававанням адміністрацыі калоніі. З яго слоў, у аснову справы хочуць пакласці адмову накіравацца ў атрад № 13, дзе збіраюць асуджаных з “нізкім статусам”. Пераводзіць Жамчужнага ў бяспечнае адміністрацыя адмовілася. Калі ж распачнуць новую крымінальную справу, то Міхаілу могуць дадаць яшчэ 2 гады зняволення”.

Андрэй Бандарэнка лічыць, што такім чынам адміністрацыя працягвае “ламаць” палітычнага зняволенага:

“Змяніць тры калоніі (!) і столькі часу правесці ў ШІЗА можа толькі альбо вельмі небяспечны рэцыдывіст, альбо той, каго загадалі зламаць. Я з уласнага досведу ведаю, што яны могуць пайсці на ўсё. Тым больш, у краіне, дзе суд і пракуратура – фармальныя інстытуты. Гэтыя пытанні вырашаюцца ў іншых кабінетах”.

palitviazni.info

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Кастусь Лукашоў
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Уладзімер Плешчанка