На палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў калоніі ўзмацніўся ціск

14110101“Адміністрацыя калоніі надала Міхаілу Жамчужнаму статус асуджанага, які схільны да экстрэмізму, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка, якая перапісваецца з палітвязнем. – Ён зараз ходзіць з дзвума біркамі, адна з якіх – з чырвоным абадком, якая і абазначае “экстрэмістаў”. Іх вылучаюць у асобную катэгорыю, гэтых людзей нават дадаткова правяраюць”.

Як стала вядома, статус “схільны да экстрэмізму” Жамчужны атрымаў, зыходзячы з ацэнкі яго перапіскі з іншымі людзьмі, хаця прэтэнзіі па нейкіх канкрэтных лістах не сфармуляваны.

У лістах Міхаіл Жамчужны піша, што ў калоніі на яго апошнім часам узмацніўся ціск і ўпершыню за 8 месяцаў (час, які ён знаходзіцца ў Навасадах), за тое, што вынес са сталовай некалькі квалачкаў хлеба, яму будзе вынесена першае спагнанне.

“Гэта ў калоніі ўвогуле выклікала шок, таму што за ўсе часы нікому за такое “злачынства” не выносілася спагнанне, – кажа Таццяна Равяка. – Таксама зараз ідзе асобнае разбіральніцтва па тых фактах, што Міхаілу не дазвалялі аплаціць з калоніі пошліну па нагляднай скарзе. Пасля таго, як гэтая інфармацыя з’явілася, быў  рэзананс і пачалося сур’ёзнае разбіральніцтва. Зараз, відаць, ціснуць на тое, што ён, маўляў, сказаў няпраўду. Хаця Міхаіл сцвярджае, што тры яго заявы на аплату нагляднай скаргі знаходзіліся ў бухгалтэрыі калоніі, але ён не мог падаць скрагу без аплаты пошліны”.

Правабаронцы працягваюць адсочваць сітуацыю, якая склалася вакол Міхаіла Жамчужнага, бо “гэта чалавек, да якога асаблівае стаўленне, у сувязі з тым, што яго зняволенне мае палітычныя падставы”.

“Зразумела, чаму ўзмацняецца ціск акурат напярэдадні падачы нагляднай скаргі, – дадае Таццяна Равяка. – Хаця спадзяемся, што скарга будзе разгледжана, а справа пераацэнена судом зусім па-іншаму, улічваючы, якія метады выкарыстоўвалі сілавікі падчас гэтай справы”.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні