Міхаіл Жамчужны: Гэтага дастаткова, каб адчуваць перамогу…

Палітвязень Міхаіл Жамчужны даслаў грамадскай актывістцы Вользе Нікалайчык ліст, у якім распавядае пра свае апошнія навіны.

“Міхаіл напісаў, што для яго самымі цяжкімі былі 23 сутак ШІЗА ў верасні”, – распавяла Вольга сайту palitviazni.info.

“Адкуль звесткі, што я патрапіў у бальніцу? – найперш цікавіцца Міхаіл Жамчужны ў лісце. – Адкуль такая інфармацыя: ад нашых ці іхніх? Спяшаюся вас супакоіць — ні ў якой бальніцы я не быў, і зараз знаходжуся ў сваёй VIP-камеры. Галава і рукі працуюць. Такім чынам, мы з вамі маральна перамаглі. З 29 верасня я на 3 месяцы накіраваны ў Памяшканне камернага тыпу (ПКТ)”.

Палітвязень паведамляе, што ў ШІЗА паспеў шмат чаго паспытаць.

“Самыя цяжкія былі апошнія трое сутак, калі ноччу тэмпература была ўсяго плюс тры градусы, – паведамляе ён. – Каб сагрэцца, даводзілася рабіць фізічныя практыкаванні. Але вытрымаў! Гэта не ўсё, але дастаткова, каб адчуваць перамогу”.

Піша Жамчужны і пра правакацыю ў дачыненіі да яго: “Мне сказалі, што мяне ў атрадзе з нецярпеннем чакаюць вязні, і мне нічога не пагражае. А аказалася, што ў маю секцыю сабралі ўсіх з нізкім статусам. Ледзь не патрапіўся на гэты падман”.

“Я ў адказ напісаў скаргу на тое, што знішчаюць лісты, і ўпершыню прыехалі з Дэпартамента выканання пакаранняў апытаць мяне з гэтай нагоды, – працягвае Міхаіл Жамчужны. – А потым папрасілі даць тлумачэнні з нагоды маёй імітацыі суіцыда яшчэ ў 2017 годзе. Нешта ўзяліся яны за мае праблемы…

Я яшчэ заявы адаслаў у Адміністрацыю прэзідэнта, цэнтральны апарат уласнай бяспекі МУС і ў Генпракуратуру”.

Напрыканцы Жамчужны падводзіць апошнія вынікі свайго супрацьстаяння з адміністрацыяй калоніі: “За лета было 70 сутак ШІЗА, у жніўні — месяц ПКТ і цяжкія 23 сутак ШІЗА ў верасні”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Андрэй Пазьняк
  • Зьміцер Завадскі
  • Андрэй Кім