Зміцер Паліенка тыдзень трымаў галадоўка ў СІЗА на Валадарскага

Пра гэта паведаміў паплечнік Змітра Вячаслаў Касінераў.

“Зміцер Паліенка выйшаў са штрафнога ізалятара СІЗА-1, дзе трымаў 7-дзённую галадоўку”, – праінфармаваў Вячаслаў.

Нагадаем, што экс-палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

У мінулую суботу ў сяброўкі Змітра не прынялі перадачу, маўляў ён гэтага пазбаўлены, бо пакараны. Больш аніякай інфармацыі з гэтай нагоды не было.

“Зміцер Паліенка выйшаў са штрафнога ізалятара СІЗА-1, дзе трымаў 7-дзённую галадоўку, – паведаміў Вячаслаў Касінераў. – Самаадчуванне Змітра значна пагоршылася. Зміцер напісаў скаргу на дзеянні адміністрацыі, якая аказвае на яго ціск рознымі метадамі”.

Са слоў Касінерава, частка лістоў не даходзіць ні да Паліенкі, ні да тых, хто падтрымлівае вязня.

“Ён спрабаваў паведаміць аб магчымасці заключэння яго ў ШІЗА, аднак толькі пасля вызвалення мы даведаліся, што тыдзень Зміцер правёў у карцары, – дадае Вячаслаў. – Пры гэтым у ШІЗА ён аб’явіў галадоўку, каб абараніць свае правы.

Мы лічым, што ва ўмовах пастаяннага ціску і здзекаў з боку адміністрацыі СІЗА жыццё і здароўе Зміцера Паліенкі знаходзяцца пад пагрозай”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Баразенка
  • Вадзім Кабанчук
  • Павал Красоўскі
  • Эніра Браніцкая
  • Яўген Скочка