Палітвязень Міхаіл Жамчужны практычна не выходзіць з ШІЗА

 Сітуацыя з палітвязнем Міхаілам Жамчужным у Горацкай калоніі №9 застаецца нязменнай – ён працягвае адбываць пакаранне альбо ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), альбо ў штрафным ізаялтары (ШІЗА).

“Апошні ліст я атрымаў ад Міхаіла яшчэ ў снежні мінулага году”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік, які лістуецца з Жамчужным.

У штрафным ізалятары Міхаіл Жамчужны адбыў ужо больш за 300 сутак.

“Са снежня не было ад яго лістоў, але з ШІЗА і немагчыма адправіць карэспандэнцыю, – кажа Леанід Свецік. – Здаецца, месяц Міхаіл будзе знаходзіцца  ў ШІЗА, так што карціна не змяняецца”.

“Сітуцыя з Міхаілам Жамчужным нязменная, і, на жаль, цяжка чакаць тут нечага новага, – дадае праваабароцна Таццяна Равяка. – Не бачу нейкіх падзей, які б маглі паўплываць на змену гэтай сітуацыі. 12 студзеня ў Міхаіла заканчвалася адбыццё пакарання ў ПКТ, і, напэўна, з таго часу яго ізноў адправілі на месяц у ШІЗА”.

Як адзначаў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, які таксама ў свой час знаходзіўся ў Горацкай калоніі, у такой сітуацыі “чалавека за кратамі фактычна катуюць”.

“Пра гэта трэба пастаянна казаць, – дадае Зміцер. – Тэма пастаянна павінна быць на слыху. Захад таксама мог бы сказаць сваё важкае слова ў абарону Міхаіла Жамчужнага, але, як мне падаецца, ён на гэтую справу ўжо махнуў рукой. Захад зараз займаецца палітычнай кан’юктурай, а не вызваленнем палітвязняў. Каб было інакш, то Жамчужны ўжо даўно быў бы на волі. А зараз Міхаіл па сутнасці застаўся сам насам са сваімі прабемамі”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні