Павал Севярынец

Грамадзкі актывіст, сябра Рады ГА “БАЖ”. Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачаткам цікавасьці да палітыкі стала ягонае абраньне ў 10-й клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй.

Скончыў геафак БДУ. У 1994–1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”.

У 1999-2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ, з 1999 да 2004 гг. — старшынём “Маладога Фронту”. Зараз зьяўляецца сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

Храналёгія перасьледу

Першы раз Павал Севярынец быў асуджаны 31 траўня 2005 году судом Цэнтральнага раёну Менску на 3 гады “хіміі” — за арганізацыю масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў 2004 годзе, калі Лукашэнка правёў незаконны рэфэрэндум і легалізаваў свой трэці тэрмін прэзыдэнцтва. Паўла прызналі вінаватым у парушэньні арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх). Тэрмін пакараньня адбываў у вёсцы Малое Сітна на Віцебшчыне, на мяжы з Расеяй, працаваў на высечцы лесу.

Паводле закону аб амністыі ад 5 траўня 2007 г., тэрмін зьняволеньня Паўлу быў скарочаны на 1 год. 22 траўня 2007 г. ён быў умоўна-датэрмінова вызвалены, і тэрмін скараціўся яшчэ на 2 месяцы і 24 дні.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. Павал быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад ствараемай партыі БХД Віталя Рымашэўскага.

У ноч на 20 сьнежня 2010 г., празь некалькі гадзінаў пасьля разгону акцыі пратэсту на менскай Плошчы Незалежнасьці, Павал Севярынец быў арыштаваны дома і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня 2010 г. яму прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга рассьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка 2011 г. замест гэтага было прад’яўленае іншае абвінавачаньне — па ч. 1 арт. 342 КК (дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

16 траўня 2011 г. у судзе Заводскага раёну Менску П. Севярынец асуджаны на 3 гады “хіміі”.

Адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Працуе ў фэрмэрскай гаспадарцы каля спэцкамэндатуры.

У зьняволеньні, як і ў першы раз, Павал Севярынец працягвае публіцыстычную дзейнасьць — піша артыкулы і нарысы ў газэту “Наша Ніва”.

У ноч на 19 кастрычніка 2013 года Паўла Севярынца вызвалілі. Каб не дапусьціць сустрэчы палітвязьня роднымі, сябрамі і журналістамі ля брамы спецкамэндатуры, адміністрацыя папраўчай установы ўночы вывезла яго да станцыі і пасадзіла на цягнік, які ідзе да Менску.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Уладзімер Лобан
  • Леанід Сьвецік
  • Васіль Лявонаў
  • Кацярына Салаўёва