Паўгода правёў за кратамі палітвязень Павел Севярынец

Палітык быў затрыманы 7 чэрвеня пасля ўдзелу ў мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

“За гэты час Павел 74 дні правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, два месяца быў у карцары, – распавяла жонка палітвязня Вольга Севярынец. – Яму прыйшло ўжо больш за 500 лістоў…”

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, цягам лета там у яго абылося некалькі новых судоў, дзе палітыку дадавалі ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома пра завядзенне на яго крымінальнай справы.

Паўлу Севярынцу прад’яўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

Тэрмін следства Севярынцу працягнуты да 20 снежня.

Усё спазнаецца ў параўнанні, – напісала Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Раней я казала: “Паша, не ідзі, цябе пасадзяць на 15 сутак, гэта ж паўмесяца, як я буду без цябе”. А сёння яго няма ўжо паўгады. Калі бачу яго нумар у тэлефонным спісе, здзіўляюся. Пара ўключаць рэжым доўгацярпення. Нам усім.

За гэты час ён 74 дні правёў на Акрэсціна. Два месяца быў у карцары, пра які зараз распавядае Дашкевіч – памерам 2 на 3 метры, без вады, душа, прагулак, кніг, лістоў падтрымкі. Чалавек, які сядзеў насупраць карцара і праз шчыліну мог бачыць, што там адбываецца, казаў – Паша паходзіць з кута ў кут, пакалупае сценку, памахае рукамі, пастаіць, вось і ўсе заняткі.

Паша пісаў, што калі вялі яго на Валадарцы на першы допыт, то праводзілі міма камеры, дзе ён 20 год таму пакаяўся, такі моцны знак для яго. Кажа – усё ўзгадалася з новай сілай і верай.

Са слоў Вольгі Севярынец, зараз следчы працэс у СІЗА на Валадарскага, дзе і знаходзіцца Павел Скевярынец, можна ахарактаразаваць коратка – ніяк.

“Адзіныя сустрэчы са следчым – гэта паведамленне пра працяг меры ўтрымання, – адзначае Вольга. – Працяг – на два месяцы. Паша і яшчэ 160 цудоўных людзей – закладнікі гэтага рэжыму.

Паша кажа – рыхтуйся да горшага, каб жыццё было прыемным сюрпрызам. А яшчэ кажа, што сваю ўпартасць за гады сутак ён навучыўся ператвараць у цярплівасць. Дык вось нам, беларусам, вельмі трэба сёння нашу славутую цярплівасць ператварыць ва ўпартасць.

За паўгода Паўлу Севярынцу прыйшло ўжо больш 500 лістоў, адказаў ён больш чым на 400.

“Яго камера знаходзіцца паміж карцарам і кавіднай камерай, – працягвае Вольга Севярынец. – Меры перасцярогі прымаюцца, але ўсё роўна думаю і аб гэтым.

За тыдзень цудоўныя салідарныя беларусы выкупілі палову наклада яго “Люблю Беларусі”. Дзякуй вам, сябры! Ваша падтрымка неверагодная, сапраўды. Зараз Паша піша кнігу пра сям’ю, кодавая назва пакуль “Воля”.

Дарэчы, набліжаецца Дзень нараджэння Паўла Севярынца — 30 снежня.

“Думаю, ужо можна пачынаць віншаваць, бо вялікая верагоднасць, што бліжэй да даты паштоўкі проста не перададуць, – кажа Вольга. – Ён перадае ўсім падзяку і прывітанні. Мы вельмі ўдзячныя вам за падтрымку, дапамогу, падарункі, час. Вы ўсе вялікая каштоўнасць для нас. А разам мы і ёсць тым цудам, якога так чакае Беларусь.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Севярынец
  • Артур Фінькевіч
  • Мікіта Сасім
  • Андрэй Гайдукоў