Як палітвязень Павел Севярынец святкаваў свае Дні народзінаў?

30 снежня палітвязень Павел Севярынец адзначыў сваё 44-годдзе ў СІЗА на Валадарскага.

“Павел – мой адважны рыцар, – кажа жонка палітвязня Вольга Севярынец. – Мужны, прынцыповы, адданы. Без яго Беларусь была б іншай. Госпад наканаваў нам ісці разам і мы ідзем. Веру! Чакаю! З Днём нараджэння, каханы, любы Павел Севярынец”.

Нічога асаблівага да Дня народзінаў я не перадавала, распавяла Вольга сайту palitviazni.info. – Кнігі яны забаранілі, а прадуктаў у яго і так хапае.

Лісты паціху даходзяць, толькі іх стала менш. Можа быць, гэта звязана з тым, што яму вельмі шмат пішуць. Паша кажа, што за дзень, здараеца, прыходзіць да 30 лістоў, і цэнзура, відаць, не паспявае ўсе іх чытаць.

Здароўе ў Пашы нармальнае, але ён наогул не кажа, што яго нешта турбуе. Пра дзве хваробы (хварэў і на Акрэсціна, і ў СІЗА на Валадарскага), Паша напісаў толькі тады, калі ўжо ўсё прайшло. Не хацеў нас хваляваць сваімі праблемамі”.

Таксама Вольга напісала ў Фэйсбук , што Павел у СІЗА падлічыў, як ён святкаваў свае ранейшыя Дні народзінаў.

“2001 год, 25 гадоў – пераапрануты ў бел-чырвона-белага Святога Мікалая, раздаваў каляндарыкі на новы год у Менску, – напісаў Павел.  – 2006 год, 30 гадоў – на лесапавале ў Малым Сітне (першая “хімія”), у бараку; тады праз снежныя завалы ў лес дабраліся бацькі.

2009 год, 33 гады – на судзе ў Наваградку: судзілі хрысціянскага дэмакрата Юрыя Казака, які абліў фарбай помнік Леніна.

2010 год, 34 гады – у турме “Амерыканка”, на следстве за Плошчу 2010 года.

2011 год, 35 гадоў – у спецкамендатуры ў Купліне (другая “хімія”).

2016 год, 40 гадоў – на дабрачынным марафоне ў падтрымку хрысціянскага партала “Крыніца.інфо”.

2019 год, 43 гады – на Акрэсціна за акцыі ў абарону Незалежнасці.

2020 год, 44 гады – Валадарка…”

“Павел – мой адважны рыцар, – дадае Вольга. – Мужны, прынцыповы, адданы. Без яго Беларусь была б іншай.

Госпад наканаваў нам ісці разам і мы ідзем. Веру! Чакаю! З Днём нараджэння, каханы, любы Павел Севярынец”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Анатоль Паўлаў
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Антон Сурапін
  • Алег Федаркевіч