Уладзімір Някляеў: Сёння Павел Севярынец можа выйсці на волю, а заўтра ўсё можа быць інакш (дапоўнена)

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info, чаму ўлады раптоўна вырашылі выпусціць на волю палітвязня Паўла Севярынца.

“Нягледзячы на ўсё тое, што ён перанёс у турме, наўрад ці Павел стрывае, каб не вярнуцца да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня пасля акцыі ля Камароўскага рынку.

На наступны дзень ён быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышта, але з таго часу на волю так і не выйшаў. Палітыка працягвалі судзіць за кратамі, выпісваючы яму новыя “суткі”.

Па падліках Вольгі Севярынец, жонкі палітыка, яе муж павінен быў выйсці на волю 21 жніўня. Але нечакана стала вядома, што Павел Севярынец павінен выйсці на волю 22 ліпеня, каля 16.00.

“Раніцай мама Паўла патэлефанавала ў ЦІП, і ёй сказалаі гэтую інфармацыю, – кажа Вольга Севярынец. – Але я ўжо навучана горкім вопытам, а таму, што называецца, зараней у далоні не пляскаю.

Ён адсядзеў 45 сутак, але сёння мы нават не хацелі ехаць сустракаць, бо былі ўпэўнены, што Павел выйдзе на волю толькі 21 жніўня.

Для мяне гэта насамрэч дзівосна! Можа быць, улады паставілі задачу паказаць Захаду перад выбарамі прыгожую карцінку – маўляў, не толькі саджаем, але і выпускаем вядомых апазіцыйных палітыкаў. Хаця іх логіку цяжка пралічыць, там нейкія свае інтарэсы.

Але, шчыра кажучы, нават не ведаю, ці больш узрадавалася, ці больш засмуцілася інфармацыі пра тое, што Павел выходзіць на волю. Баюся, каб на яго тут крымінальную справу не завялі. Ад іх усяго можна чакаць”.

Палітык і былы палітвязень Уладзімір Някляеў таксама з апасеннем кажа, што “выпусціць на волю” зусім не азначае “апынуцца на волі”.

“Каб не атрымалася так, што Паўла Севярынца пасля “сутак” могуць перакінуць у СІЗА на Валадарскага, – кажа Уладзімір Пракопавіч. – Калі ж Паўла насамрэч вырашылі адпусціць на волю, то ўпэўнены, што гэта зроблена пад ціскам міжнароднай грамадскасці.

Прачнуўся Еўразвяз, выказаўся з гэтай нагоды Еўрапарламент, дзе ёсць працоўная група па Беларусі. Еўропа даволі моцна цісканула на афіцыйны Мінск, бо інфармацыя пра тое, як Паўла Севярынец прэсуюць у карцары, даходзіла туды.

Я ведаю таксама, што ў звязку з той сітуацыяй, што зараз у ЗША паедзе беларускі пасол, амерыканцы таксама сказалі прыкладна наступнае: калі хочаце мець нармальныя адносіны, нешта рабіце з палітвязнямі.

Я буду вельмі рады бачыць на волі Паўла Севярынца, але не факт, што яго ізноў не запіхнуць у турму. Асноўная небяспека, якая зыходзіла раней ад Севярынца для ўладаў, быў яго ўдзел у гэтых выбарах у якасці кандыдата. Гэта ўжо, натуральна, немагчыма, а таму ўлады, можа быць, выпусцілі Паўла на волю, каб паглядзець, як ён будзе сябе паводзіць. Правераць, ці ўсвядоміў ён, якую ласку яму зрабілі ўлады”.

Уладзімір Някляеў кажа, што ў Севярынца не той характар, каб прымаць ад уладаў такія “падарункі”.

“Нягледзячы на ўсё тое, што ён перанёс у турме, наўрад ці Павел стрывае, каб не вярнуцца да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, – дадае суразмоўца. – Таму сёння ён можа выйсці на волю, а заўтра ўсё можа быць інакш”.

palitviazni.info

P.S. 22 ліпеня Паўла Севярынца на волю так і не выпусцілі. Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава заявіла, што Вольга Севярынец “нешта недачула”.

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Малчанаў
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Аляксандар Францкевіч
  • Алесь Стральцоў
  • Міхаіл Марыніч