Таццяна Рэвяка: Яны хочуць зламаць волю і чалавечую годнасць Міхаіла Жамчужнага

Правабаронца Таццяна Рэвяка распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як працягвае змаганне ў калоніі палітвязень Міхаіл Жамчужны.

“Хочуць падавіць самога Жамчужнага, каб чалавек у такім падаўленым стане не мог супрацьстаяць сістэме і тым несправядлівым дзеянням, якія ўжываюцца ў дачыненні да яго”, – адзначае суразмоўца.

Нагадаем, што з пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітычны зняволены, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. За гэта Міхаіла пастаянна караюць ШІЗА альбо змяшчэннем у ПКТ.

– Зараз ад Жамчужнага няма навін, – кажа праваабаронца. – 8 альбо 9 лютага ён павінен быў выйсці з ПКТ, але ніякіх лістоў ад яго не было. І гэтае маўчанне азначае, што Міхаіл, хутчэй за ўсё, знаходзіцца ў ШІЗА. Калі ён быў у ПКТ, то змог даслаць некалькі лістоў і паведаміць пра свае магчымасці ліставацца.

– Міхаіл Жамчужны практычна не выходзіць з ШІЗА і ПКТ, гэта цягнецца ўжо амаль паўгода. Можна ўявіць стан чалавека, які вытрымлівае такі ціск…

– З гэтай нагоды я накіравала заявы і ў Рэспубліканскую грамадска-назіральную камісію пры Міністэрстве юстыцыі, і ў Магілёўскую абласную назіральную камісію пра тое, каб гэтыя камісіі наведалі Жамчужнага. Ім прадстаўлена тая інфармацыя, якая нам вядома на сёняшні дзень.

І ўжо, дарэчы, атрыманы адказ ад магілёўскага Упраўлення юстыцыі. Нам паведамілі, што справа перададзена ў камісію, таму будзем спадзявацца, што бліжэйшым часам паведамяць, што візіт адбудзецца, і прадстаўнікі камісіі змогуць штосьці распавесці пра тое, што адбываецца насамрэч у калоніі.

Натуральна, што Міхаіл не можа ўсяго напісаць у лістах, таму ў рэальнасці сітуацыя можа быць яшчэ горшая, чым мы ўяўляем. Бо мы ж не ведаем усяго. Таму важна, каб гэтая камісія хаця б упэўнілася, што Жамчужны жывы і здаровы, нягледзячы на тое, што ён застаецца ў складанай ситуацыі. Каб выпрацавалі і прапанавалі нейкія шляхі вырашэння праблемы. Зараз наогул з Міхаілам Жамчужным дазволена сустракацца толькі адвакату, але ён больш дапамагае ў прававых пытаннях. Мы не губляем спадзеваў, што такія магчымасці будуць рэалізаваны праз гэтыя назіральныя камісіі.

– На ваш погляд, якія асноўныя прычыны такога ціску на Міхаіла Жамчужнага?
– На мой погляд, хочуць найперш дабіцца, каб той перастаў змагацца, аспрэчваць нейкія рашэнні адміністрацыі, каб зламаць яго волю і чалавечую годнасць. Думаю, усё менавіта так, таму што не бачу іншай нагоды для такога моцнага ціску.

Таму хочуць падавіць самога Жамчужнага, каб чалавек у такім падаўленым стане не мог супрацьстаяць сістэме і тым несправядлівым дзеянням, якія ўжываюцца ў дачыненні да Міхаіла. Каб не абскарджваў гэтыя дзеянні, не агучваў іх. У такім жа выпадку да калоніі пастаянна прыцягваецца ўвага праз пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў.

Ціск на Жамчужнага – гэта, хутчэй за ўсё, такая раздражнёная рэакцыя адміністрацыі калоніі, помста за тое, што прыадкрываецца завеса закрытай установы.

– Што яшчэ можна зрабіць, каб пераламіць сітуацыю?

– У мяне няма гатовага рэцэпта, але мы стараемся рэагаваць на кожны выклік, які адбываецца ў сітуацыі з Жамчужным. Найперш – гэта аказанне прававой дапамогі, агучванне праблемы, прыцягненне ўвагі дзяржаўных органаў, якія мусяць вырашаць гэтыя праблемы. Гэта і звароты, якія рабілі, у тым ліку і нашы калегі ў пракуратуру, Дэпартамент выканання пакаранняў, гэта і праца праз назіральную камісію, як новага інструмента дапамогі.

Да таго ж, у Рэспубліканскую камісію ўвайшоў старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак, таму ён разумее, што такое правы зняволеных. У абласную камісію таксама ўвайшоў наш магілёўскі калега Барыс Бухель. Таму спадзяемся, што праваабаронцы змогуць зараз на новым якасным узроўні у вырашынні тых праблем, з якімі сутыкаюцца зняволеныя і канкрэтна – Міхаіл Жамчужны.

– Не так даўно прызначаны новы Дэпартамент выканання пакаранняў. Можа быць, ён па-новаму паглядзіць на сітуацыю з Жамчужным?

– Шчыра кажучы, пакуль я бачу толькі карпаратыўную салідарнасць з абласнымі падраздзяленнямі Дэпартамента выканання пакаранняў. Зараз прыйшоў адказ на чарговыя скаргі аб вынясенні спагнанняў з магілёўскага упраўлення Дэпартамента і там маюцца тыя самыя адмовы і сцверджанні, што спагнанні выносіліся законна і абгрунтавана.

І ўпершыню прагучалі новыя ноткі. Дэпартамент лічыць, што “перашкод для адбыцця пакарання асуджаным Жамчужным ў атрадзе з іншымі зняволенымі ў калоніі, а таксама падстаў для яго пераводу ў бяспечнае месца няма”. Раней проста казалі, што ў Міхаіла ўсё добра, дзеянні адміністрацыі былі законнымі. А зараз з’явілася новае гучанне. І ў гэтым я бачу, што сістэма сябе бароніць. Яна бароніць усе свае падраздзяленні і дзеянні тых асобаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні.

Не ведаю, ці выйдзе новы начальнік Дэпартамента з кола гэтай сістэмы, ці захоча гэта рабіць. Час пакажа. Аптымізму вялікага няма, але, як кажуць, надзея заўсёды застаецца

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні