Палітвязень Міхаіл Жамчужны не скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў калоніі ў Ваўкавыску

Нагадаем, што палітвязень Міхаіл Жамчужны быў пераведзены ў калонію ў Ваўкавыску з Навасадаў.

“Калі параўнаць цяперашнія ўмовы ўтрымання Міхаіла з папярэднімі, то ўсё змянілася ў лепшы бок”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.

Яшчэ раней у Барысаўскім раённым судзе разглядалася прадстаўленне адміністрацыі калоніі ў Навасадах, дзе да гэтага адбываў пакаранне Жамчужны, аб пераводзе яго на турэмны рэжым утрымання. Але справа была спыненая ў сувязі з тым, што адміністрацыя адклікала напярэдадні судовага пасяджэння сваё прадстаўленне.

“Лісты ад Міхаіла я атрымліваю рэгулярна, але нічога новага ён асабліва не паведамляе, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – На ўмовы ўтрымання ў калоніі не скардзіцца, на ціск з боку адміністрацыі – таксама. Адным словам, няма той канфліктнасці, якая апошнім часам была ў Навасадах”.

Са слоў праваабаронцы, Міхаіл Жамчужны зараз займаецца абскарджваннямі тых спагнанняў, якія выносілі яму ў папярэдняй калоніі, а таксама прыцягненнем яго да працы ў Навасадах.

“Міхаіл – пенсіянер, а ў Навасадах яго адпраўлялі працаваць, – дадае Таццяна. –  Гэта відавочнае парушэнне, а таму Жамчужны паведамляе, што будзе адстойваць свае правы. У астатнім – звычайнае жыццё ў калоніі. Яму вызначылі суму (6 базавых велічынь), якой ён можа карыстацца, каб набыць нешта ў мясцовай “атаварцы”, прадуктаў хапае. Такім чынам, калі параўнаць цяперашнія ўмовы ўтрымання палітвязня з папярэднімі, то ўсё змянілася ў лепшы бок”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Саньнікаў
  • Кастусь Лукашоў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Натальля Радзіна