Андрэй Саньнікаў

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2010 году, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. 

Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 году. Унук Канстанціна Саньнікава — беларускага рэжысэра, народнага артыста БССР, аднаго з заснавальнікаў Нацыянальнага Купалаўскага тэатра. 

У 1971 годзе Андрэй Саньнікаў скончыў 42-ю менскую школу, у 1977 — перакладчыцкі факультэт Менскага Дзяржаўнага інстытуту замежных моваў. Працаваў у Пакістане і Эгіпце ў нафтавай кампаніі і на будаўніцтве алюмініевага заводу, у таварыстве Дружбы з замежнымі краінамі (у 1980-1981 гадах).

У 1989 годзе скончыў Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Акрамя роднай беларускай, свабодна валодае рускай і дзьвюма замежнымі мовамі (ангельскай і францускай). 

У 1982-1987 гадах працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН. У 1992-1995 гг. узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраеньні з правам подпісу ад імя краіны.

У 1993-1995 гадах Андрэй Саньнікаў працаваў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі. У 1995-1996 гадах займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў Беларусі. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла. У лістападзе 1996 г., напярэдадні антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму, з дапамогай якога Лукашэнка ўзурпаваў уладу, падаў у адстаўку ў знак пратэсту. 

У лістападзе 1997 г. Андрэй Саньнікаў выступіў ініцыятарам стварэньня “Хартыі’97”, стаў міжнародным каардынатарам гэтай грамадзянскай ініцыятывы. У 1998 г. разам з Генадзем Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. 

Андрэй Саньнікаў быў адным з арганізатараў маршаў пратэсту “Раздавім фашыстоўскую гадзіну!”, “Так жыць нельга!”, “За лепшае жыцьцё”, акцый супраць фальсыфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах. 

У 2008 годзе разам зь Віктарам Івашкевічам, Міхаілам Марынічам і іншымі палітыкамі стаў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, якая ставіць сваёй мэтай ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз. 

У 1998-2002 гг. — рэктар Народнага ўнівэрсытэту, нефармальнага адукацыйна-асьветніцкага праэкту. У 2005 г. стаў ляўрэатам міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека. 

Жанаты, мае двух сыноў. Жонка — вядомая беларуская журналістка, карэспандэнт расейскай “Новой газеты” Ірына Халіп, таксама асуджаная за Плошчу-2010. 

Храналёгія перасьледу

19 сьнежня 2010 г. затрыманы падчас мірнай маніфэстацыі супраць фальсыфікацыі выбараў. Пры гэтым жорстка зьбіты (была пашкоджаная нага) і зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Падчас сьледзтва сям’я Саньнікава зазнала моцны ціск. Жонка палітыка таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасьці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

14 траўня 2011 г. асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю “масавых беспарадкаў”.

Адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі, затым 29 верасьня 2011 г. быў этапаваны ў калёнію № 2 г. Бабруйску, дзе яго трымалі ў ШІЗА. Прычынай пераводу сталі, па словах адміністрацыі, публікацыі ў СМІ жонкі палітвязьня — журналісткі Ірыны Халіп. Некаторы час месцазнаходжаньне Андрэя Саньнікава было абсалютна невядомым, але 17 лістапада высьветлілася, што этап у Бабруйск пралягае праз турму г. Магілёва.

Пасьля Бабруйску напрыканцы лістападу 2011 г. Саньнікава перавялі ў калёнію пад Віцебскам — “Віцьба-3”.  Некаторы час перабываў таксама ў Віцебскім СІЗА.

Па словах палітыка і ягоных сваякоў, некалькі разоў прадстаўнікі ўладаў пагражалі Саньнікаву забойствам яго самога, а таксама ягонай жонкі і сына.

14 красавіка 2012 г. Андрэй Саньнікаў быў вызвалены паводле указу аб памілаваньні, пад ціскам санкцый ЭЗ і ЗША.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Гайдукоў
  • Міхаіл Чыгір
  • Аляксандар Малчанаў
  • Мікола Маркевіч
  • Міхаіл Жамчужны