Патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць здзекі над палітвязнем Андрэем Саннікавым і яго сям’ёй

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Заява

Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць здзекі над палітвязнем Андрэем Саннікавым і яго сям’ёй.

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб чарговым этапаванні палітвязня Андрэя Саннікава з папраўчай калоніі г. Бабруйска ў адну з калоніяў Віцебскай вобласці ў сувязі з «небяспекай для яго жыцця і здароўя». Аднак на працягу сутак адвакату і родным Андрэя Саннікава так і не была прадстаўленая інфармацыя аб ягоным дакладаным месцы знаходжання. Трэба адзначыць, што гэта ўжо другое змяненне месца адбывання пакарання палітвязня. Паўтары месяцы таму яго ўжо пераводзілі з Наваполацкай калоніі ў калонію г. Бабруйска, пры гэтым этап цягнуўся некалькі дзён, адвакат і родныя не мелі ніякай інфармацыі аб яго стане здароўя і месцы знаходжання.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае падобныя дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да палітвязня Андрэя Саннікава і яго сям’і як жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне і катаванні, скіраваныя на аказанне псіхалагічнага і фізічнанга ціску з мэтай атрымання ад сп. Саннікава прашэння аб памілаванні на імя А. Лукашэнкі. Такога кшталту абыходжанне са зняволеным і яго сям’ёй з’яўляецца грубейшым парушэннем міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, у прыватнасці, палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае свой рашучы пратэст і заклікае улады Беларусі:

1. Неадкладна забяспечыць родных Андрэя Саннікава інфармацыяй аб месцы яго знаходжання і стане яго здароўя.

2. Неадкладна забяспечыць адвакату Андрэя Саннікава магчымасць спаткання са сваім падабаронным.

3. Неадкладна і безумоўна вызваліць Андрэя Саннікава і ншых палітвязняў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае прадстаўнікам МУС аб іх персанальнай адказнасці за лёс, жыццё і здароўе Андрэя Саннікава і іншых зняволеных і заклікае не выконваць загады, змест якіх носіць загадзя злачынны характар.

spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казулін
  • Мікіта Емельянаў
  • Яўген Сувораў
  • Віталь Мацукевіч