Андрэй Саннікаў: Пяць гадоў таму ўлада ўпершыню прымяніла сілу ў дзень выбараў

Андрэй Саннікаў Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў распавядае сайту palitviazni.info пра падзеі, якія адбыліся пяць гадоў таму.

Нагадаем, у 2010 годзе Андрэй Саннікаў быў кандыдатам у прэзідэнты. Пасля падзей 19 снежня, калі сотні людзей кінулі ў турмы, разам з іншымі аказаўся там і Андрэй Саннікаў.

Пазней ён быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Саннікава прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Саннікаў і яго давераная асоба на выбарах Дзмітрый Бандарэнка, таксама асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, былі вызваленыя 14 красавіка 2012 году пасля таго, як напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Праз нейкі час Андрэй Саннікаў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Вялікабрытаніі.

– Як вам сёння ўзгадваюцца падзеі пяцігадовай даўніны?

– Тут ёсць два бакі – бок улады і бок апазіцыі. Мяркую, у 2010 годзе апазіцыя і грамадства паказалі рэжыму, што людзі хочуць зменаў у краіне і нанеслі дастаткова моцны ўдар па дыктатуры, якая да гэтага часу існуе ў Беларусі. Улада ў той год і той дзень поўнасцю паказала сваю існасць і прадэманстравала, што будзе трымацца за ўладу любым коштам і любой сілай. Але ізноў-такі гэта ніякім чынам не прывяло да вырашэння пытання складанай эканамічнай сітуацыі ўнутры Беларусі. Я б сказаў, што тыя настроі, якія былі відавочнымі ў 2010 годзе, яны ў грамадстве захоўваюцца. Відаць, што многія не прымаюць гэты рэжым. А апошні трымаецца пры дапамозе сілы.

– Для вас стаў нечаканасцю жорсткі разгон тых, хто выйшаў на вуліцу і дайшоў да Плошчы?

– Безумоўна, бо ўпершыню ўлада прымяніла сілу ў дзень выбараў. Да гэтага, напэўна, баялася. І зусім не таму, што мела нейкія сімпатыі да пратэстоўцаў, а проста былі міжнародныя назіральнікі і замежныя журналісты. Лепш жа прымяняць сілу ўціхую, праз некалькі дзён пасля выбараў. Прынамсі, так раней было. Таму адназначна ніхто не думаў, што будзе такі жорсткі сцэнар развіцця падзей у асноўны дзень галасавання. Натуральна, гэта паказала страх улады перад людзьмі.

– А ці нечаканымі сталі для вас выступы па тэлебачанні Раманчука, Кастусёва альбо Дзмітрыева, якія выступілі з асуджэннем і вас, і вашых дзеянняў у той дзень?

– Я іх увогуле не разглядаў, як рэальных кандыдатаў. Ды і яны гэтага не хавалі. Але можна было прадбачыць, што сілавікі каго-небудзь “вырвуць”, каб тыя публічна зганьбілі сваіх калег.

– Вы сачылі за прэзідэнцкімі выбарамі ў гэтым годзе?

– Я яшчэ задоўга да выбараў казаў, што ніякіх рэальных кандыдатаў на выбары не прапусцяць. Так яно і атрымалася. Усё прайшло па сцэнару ўлады.

– Зараз беларускае грамадства апалітычнае?

– Беларускае грамадства задушылі, таму што рэжым працягвае ўтрымліваць яго сілай. Ніякага паляпшэння па сутнасці не адбываецца, проста зменшыліся рэпрэсіі, каб паказаць гэта Захаду. Але выбары таксама паказалі стаўленне людзей да ўлады. У дзень выбараў на многіх участках выбаршчыкаў таму і не было. Мне ўяўляецца, што гэтыя выбары сталі працягам выбараў-2010. Я маю на ўвазе стаўленне людзей да кампаніі. Іншая справа, што пяць гадоў таму народ ішоў на выбарчыя ўчасткі даволі актыўна, у многіх была надзея. Зараз надзеі не засталося. І многія проста праігнаравалі гэты фарс. А перыяды актыўнасці і пасіўнасці ў грамадстве – гэта натуральная з’ява для палітычнага жыцця.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні