Міхаіл Жамчужны: Ціск на нас з Бандарэнкам – цэнтралізаваны загад зверху

Што паведамляе палітвязень Міхаіл Жамчужны пра змену свайго рэжыма ўтрымання?

“Хутчэй за ўсё мяне перавядуць ў Гродзенскую турму, – напісаў ён у лісце. – Іншыя вязні вельмі здзіўлены, спачуваюць мне і дапамагаюць чым могуць. Па іх словах, такога ціску на зняволеных тут даўно не бачылі…”

 

Як паведамлялася раней, адміністрацыя  папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, дзе адбывае пакаранне заснавальнік “Платформ інавэйшн”  Міхаіл Жамчужны, прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны, тэрмінам на тры гады.

“Мяне чакаюць новыя выпрабаванні, – напісаў ён у лісце да грамадскай актывісткі Ганны Шапуцька. – Напрыканцы мінулага месяца нечакана выклікалі на камісію і паведамілі аб пераводзе на 3 гады ў турму. Але не хвалюйцеся, туды ўсе сядзельцы імкнуцца – далей ад таго беззаконня, што ёсць зараз. Афіцыйна мне пра перавод пакуль не паведамілі, затое па сакрэту сказалі, што прыйшла бандэроль. Хутчэй за ўсё яе адправяць назад, як гэта было з пасылкамі Таццяны Севярынец, Насты Лойка…”

Са слоў Ганны Шапуцька, яна і насамрэч адпраўляла Жамчужнаму кнігу “Мова нанова”, бо раней Міхаіл выказаў жаданне вывучаць за кратамі беларускую мову. Пасылка вярнулася назад.

“Пакуль нічога не дасылайце, бо ў мяне ў хуткім часе зменіцца паштовы адрас, – дадае палітвязень. – Хутчэй за ўсё, пераводзяць у Гродзенскую турму. Наперадзе – цяжкі этап праз Баранвічы. Там пратрымаюць некалькі дзён, затое затым, думаю, тры гады спакою ў камеры. Там зручна працаваць і змагацца. Хаця сонейка не ўбачу”.

Міхаіл Жамчужны адзначае, што “іншыя вязні вельмі здзіўлены, спачуваюць і дапамагаюць чым могуць”.

“Па іх словах такога ціску на зняволеных тут даўно не бачылі, – піша ён. — Паколькі ціск на мяне адбываецца адначасова з ціскам на Андрэя Бандарэнку, думаю, гэта цэнтралізаваны загад зверху. І ніякі закон гэтаму не перашкода. Але ўвогуле, у мяне ўсё добра, настрой баявы. Жыве Беларусь! Жыве з Богам!”

***

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны, які перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі «Платформа», быў затрыманы ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалошванні звестак, якiя складаюць службовую таямніцу, і дачы хабару і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Жамчужны прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні