
Сяргей Башарымаў нарадзіўся 13 жніўня 1984 г. Жыхар Менску. Працаваў у агентцтве нерухомасьці, займаўся пасутачнай арэндай кватэр. Скончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Захапляецца спортам. Палітыкай ніколі не займаўся.
Храналёгія перасьледу
Арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА КДБ у Менску за тое, што ўвесну 2012 г. здаваў кватэру грамадзянам Швэцыі, адзін з якіх пазьней, ужо ў ліпені, дапамагаў сваім суайчыньнікам скінуць з самалёту над Беларусьсю цацкі з заклікамі да свабоды слова.
Напярэдадні свайго другога прыезду ў Беларусь швэды дамовіліся з Сяргеем аб арэндзе кватэры, але неўзабаве перадумалі, пра што папярэдзілі яго смс-паведамленьнем. Пра акцыю з “мядзьвежым дэсантам”, па словах яе арганізатараў, ня ведаў і ня мог ведаць ніводзін жыхар Беларусі — у тым ліку і рыэлтар Башарымаў.
Сяргей быў затрыманы ў другой палове дня 6 ліпеня 2012 г. Праз 10 дзён яму было прад’яўленае абвінавачаньне ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Пра ўсё гэта стала вядома са словаў дзяўчыны Сяргея — Ірыны Лагойкі — толькі пасьля 10 дзён ягонага арышту.
8 жніўня 2012 году пра арышт і абвінавачваньне рыэлтара Сяргея Башарымава афіцыйна паведаміў КДБ.
17 жніўня Сяргей Башарымаў, як і іншы абвінавачаны па дадзенай крымінальнай справе Антон Сурапін, быў вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
28 чэрвеня 2013 г. крымінальная справа аб “плюшавым дэсанце” зачыненая.