У камэрах «амэрыканкі» можа быць тэлевізар і халадзільнік.

КДБ зацьвердзіў новыя правілы ўнутранага распарадку ў сьледчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бясьпекі. Яшчэ ў жніўні яны ўступілі ў сілу.

Агулам яны адпавядаюць самым звычайным уяўленьням пра тое, як могуць утрымлівацца зьняволеныя да суду. Няма нічога надзвычайнага ў тым, што да іх трэба зьвяртацца на «вы», забясьпечваць трохразовае харчаваньне, штодзённую прагулку і мяняць пасьцельную бялізну раз на тыдзень.

Словы СІЗА КДБ, ці «амэрыканка», на слыху шмат у якіх беларусаў.

Тысячам зьняволеных, іх блізкім і сваякам давялося пабываць там асабіста. Зусім нядаўна адтуль выйшлі два маладыя хлопцы Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў. Іх абвінавацілі ў дапамозе швэдзкім пілётам ажыцьцявіць «плюшавы дэсант». Антон Сурапін адмовіўся распавядаць пра тое, у якіх умовах ён утрымліваўся.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў СІЗА КДБ знаходзіліся былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, сябры іх штабоў і тыя, каго абвінавачвалі па справе аб масавых беспарадках. Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка правяла ў камэры СІЗА КДБ каля двух месяцаў.

Палажанка: «У нас адразу забралі з камэры правілы ўнутранага распарадку і сказалі, што „тут правілаў няма“. То бок — для нас няма. А пасьля Новага году замянілі пералік прадуктаў. Прыбралі амаль усё. Пакінулі каўбасу, кашу. Забаранілі сухафрукты, мёд, рыбу, шакалад. Толькі хлебабулачныя, кашы, ролтаны».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька таксама апынуўся ў СІЗА КДБ пасьля 19 сьнежня 2010 году.

Лябедзька: «Я быў у зімовы пэрыяд. Гэта было жудасна. Тэмпэратура не падвышалася вышэй за 14-15 градусаў. Пад раніцу людзі проста замярзалі. І нішто не дапамагала. Усё, што было, надзявалі на сябе. Параўнаньне з падзямельлем абсалютна дарэчы. Там вельмі тоўстыя сьцены, якія ўтрымліваюць толькі холад. А калі яшчэ людзі з табой у камэры паляць, то гэта проста жудасна.

Цяпершнія правілы абяцаюць, што зьняволеныя маюць права прымаць душ 15 хвілінаў на тыдзень, а калі ў камэры няма гарачай вады, выдаваць яе па распадку. Пры гэтым гарачай вады ў камэрах СІЗА КДБ няма зусім.

Наста Палажанка: «Гарачай вады не было наогул. Кіпяцільнік давалі тры разы на дзень. Трэба было пасьпець зрабіць сабе ежу, гарбату, пакінуць ваду на тое, каб галаву памыць, каб памыць нешта зь бялізны. Гэта была вялікая праблема».

Адзін зь цікавых момантаў: у новых правілах разьмяшчаць зьняволеных у камэрах трэба з улікам іхнай псыхалягічнай сумяшчальнасьці.

Вось як выказаўся на гэты конт Анатоль Лябедзька: «Вы пра нейкі курорт распавядаеце. Нас там было як селядцоў. Чатырох на нары, а двое — на шконках. Па гэтай камэры нельга было прайсьці нават. І ніхто там не хваляваўся, хто з табою сядзіць».

Але самае балючае пытаньне — катаваньні ў СІЗА КДБ, пра якія гавораць былыя зьняволеныя і праваабронцы. У лютым 2011 году вызвалены з гэтай установы экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч апавёў, што супраць яго ўжываліся катаваньні. Ягоныя словы пасьля пацьведзілі іншыя палітзьняволеныя Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Атрошчанкаў.

Анатоль Лябедзька: «Уключаюць два ліхтары — гэта катаваньне сьветам. Калі цябе без нагоды вядуць з адной камэры ў іншую ластаўкай — гэта катаваньне. Калі цябе штодня выводзяць у так званую „спартзалю“ і там разьдзяваюць дагала і ставяць на „расьцяжку“ на паўгадзіны — гэта катаваньне. Калі табе два месяцы карэспандэнцыя не прыходзіць — гэта самае моцнае псыхалягічнае катаваньне. Бо ты ня ведаеш, што адбываецца з тваімі блізкімі і сябрамі. І гэты пералік можна працягваць. А з намі працавала ня толькі адміністрацыя СІЗА КДБ, а людзі ў масках. Стваралі псыхалягічны ціск, шокеры ўключалі, дубінкамі білі па сьценах, штуршкі ў плечы, зьбівалі. Ігара Аліневіча проста зьбілі. Ён у дворыку на прагулцы напісаў слова „анархія“. Яго прымушалі зьняць швэдар і сьцерці гэта. Ён адмовіўся, і яго проста зьбілі».

Лішне казаць, што «новыя» правілы ўтрыманьня зьняволеных у СІЗА КДБ абавязваюць супрацоўнікаў «гуманна абыходзіцца зь зьняволенымі і паважаць іхную чалавечую годнасьць», лісты і тэлеграмы дазволеныя без абмежаваньня колькасьці. Апроч таго, можна гуляць у настольныя гульні, мець лямпу дзённага і начнога сьвятла, а таксама тэлевізар і халадзільнік.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Павал Севярынец
  • Ігар Аліневіч
  • Мікіта Ліхавід
  • Яўген Васьковіч