КДБ так і не адказала ГА “БАЖ” па сутнасці пра статус Антона Сурапіна

15 ліпеня ГА “БАЖ” атрымала з Камітэту дзяржбяспекі афіцыйны адказ на свой запыт ад 11 чэрвеня. Арганізацыя звярталася да старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка з афіцыйным лістом, у якім цікавілася, ці спынена ў дачыненні да Антона Сурапіна крымінальная справа і калі так, то на якіх падставах.

Першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка адаслаў БАЖ на сайт КДБ, дзе, маўляў, размешчана запытаная інфармацыя. Акрамя таго, сам Сурапін “належным чынам” (пад роспіс) азнаёмлены з прынятым у дачыненні да яго рашэннем, – заўважыў сп. Сяргеенка.

Між тым, адшукаць гэтую інфармацыю на сайце КДБ прэс-службе БАЖ не ўдалося. Тэлефон прэс-службы КДБ не адказвае.

“Нягледзячы на тое, што пра спыненне справы ў дачыненні да Сурапіна стала вядома 28 чэрвеня, мы спадзяваліся на разгорнуты адказ, які праясніў бы нейкія матывы дзеянняў следчых. Яны да гэтага часу так і не зразумелыя”, – каментуе сітуацыю вакол крымінальнай справы намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

Наогул варта згадаць, што справа супраць Сурапіна і Башарымава ад самага пачатку разгортвалася ў беспрэцэдэнтнай атмасферы закрытасці. Ні прадстаўнікі грамадскасці, ні журналісты, ні нават родныя не ведалі, што адбываецца з абвінавачанымі амаль цэлы месяц. Гэта яскрава дэманструе стыль працы КДБ”.

Адметна, што падобная сітуацыя ўжо мела месца ў верасні 2012 года. Тады ГА “БАЖ” накіравала ў КДБ некалькі соцень подпісаў, сабраных за спыненне крымінальнай справы супраць Антона Сурапіна. Подпісы, як і цяперашні зварот, былі накіраваныя ў КДБ заказным лістом з абавязковым паведамленнем аб атрыманні.

Паведамленне прыйшло ў адрас ГА “БАЖ” ужо 17 верасня. Аднак адказу на сам зварот, да якога прыкладаліся подпісы, журналісцкае аб’яднанне так і не дачакалася.

baj.by

Іншыя палітычныя вязьні