
Журналіст, арыштаваны за публікацыю фатаграфій «плюшавага дэсанта», заклікае да салідарнасці з Андрэем Гайдуковым.Антон Сурапін пракаментаваў сайту charter97.org затрыманне наваполацкага актывіста і абвінавачанне яго ў «здрадзе дзяржаве».
«Справа Гайдукова, вядома, цёмная. Але ў святле інфармацыі пра захоўванне газеты «Хартыя’97», можна меркаваць усё, што заўгодна. Калі за публікацыю фатаграфій плюшавых мішак мне прыпісалі «дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы», то і за газету могуць назваць «здраднікам радзімы». У такой дзяржаве жывем», – сказаў ён.
Фатограф лічыць, што Гайдукова могуць прынцыпова пратрымаць некалькі месяцаў у турме.
«Я думаю, справа гэта вырашыцца ў бліжэйшыя тыдні-месяцы пры ўмове, што чалавек сапраўды не вінаваты, а працы на замежныя спецслужбы не было. Як мне здаецца, хлопца могуць прынцыпова пратрымаць месяц-іншы ў «амэрыканцы». Як вядома са слоў яго маці і калегаў, Гайдукова неаднаразова папярэджвалі, патрабавалі адмовіцца ад сваіх перакананняў. Ён гэтага не зрабіў. Такія перакананыя, прынцыповыя людзі, мне здаецца, не ламаюцца. І часта за гэта пакутуюць», – лічыць Антон Сурапін.
«Безумоўна, Андрэю і яго сям’і цяпер, як ніколі, патрэбна падтрымка. Я б хацеў звярнуцца да людзей, якія пішуць лісты яму: перш, чым адправіць ліст, абавязкова зрабіце ксеракопію. Я атрымаў некалькі тэлеграм і ліст ад маці. Калі пасля майго вызвалення ў Слуцк прыехалі сябры і калегі і прывезлі ксеракопіі лістоў, якія яны мне пісалі ў СІЗА КДБ, стала вельмі цёпла на душы. Значыць, цябе не забывалі, падтрымлівалі, пісалі. Ксеракопіі лістоў (калі арыгіналы не дойдуць да адрасата) вельмі добрая запамога для псіхалагічнага аднаўлення чалавека з першых жа дзён пасля вызвалення. Асабліва, калі чалавек сядзеў ні за што», – упэўнены Антон Сурапін.
Нагадаем, 8 лістапада быў арыштаваны намеснік старшыні «Саюза маладых інтэлектуалаў», актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў рабоце на замежную выведку.
Андрэй Гайдукоў быў затрыманы, калі перавозіў частку тыражу газеты «Хартыя’97» для распаўсюджвання ў Віцебскай вобласці.