БАЖ накіраваў у КДБ подпісы за спыненьне перасьледу Сурапіна

Копіі запоўненых падпісных аркушаў з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу супраць фатографа і журналіста Антона Сурапіна накіраваныя ў КДБ і Генэральную пракуратуру.

Падпісную кампанію ў абарону Сурапіна Беларуская асацыяцыя журналістаў распачала 14 жніўня. За тры дні ў падтрымку журналіста і стваральніка сайту bnp.by адгукнуліся дзясяткі галоўных рэдактараў беларускіх і замежных выданьняў, вядомыя мэдыяпэрсоны, сябры БАЖ, а таксама неабыякавыя людзі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

17 жніўня, праз тры дні пасьля пачатку кампаніі, сьледчыя КДБ прынялі рашэньне вызваліць Сурапіна зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Тым ня менш, збор подпісаў працягваўся — цяпер ужо за спыненьне крымінальнага перасьледу журналіста.

Подпісы пад зваротам ставілі людзі з Магілёва, Крычава, Бабруйску, Смалявічаў, Сьветлагорску, Маладэчна, Клімавічаў, Дзяржынску, Наваполацку, Чэрыкава, Ваўкавыску і іншых гарадоў.

Замежныя грамадзяне накіроўвалі запоўненыя блянкі пэтыцый наўпрост на адрасы Генпракуратуры і КДБ, таму падлічыць іх дакладную колькасьць немагчыма. У акцыі салідарнасьці ўзяло непасрэдны ўдзел кіраўніцтва Міжнароднага інстытуту прэсы.

Сярод вядомых замежных пэрсон-падпісантаў — Уільям Хорсьлі, старшыня Брытанскай сэкцыі Асацыяцыі эўрапейскіх журналістаў і расейскі пісьменьнік, журналіст і блогер Аляксей Кунгураў.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Класкоўскі
  • Юрый Хадыка
  • Юлія Чыгір
  • Аляксей Бондар