Анатоль Лябедзька: Цяпер чакаем вызвалення палітвязняў

Толькі вызваленне палітвязняў зможа хоць неяк апраўдаць рашэнне аб скасаванні санкцый супраць Уладзіміра Макея.

Пра гэта заявіў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Ёсць адчуванне, што прысутнасць Макея ў Вільні мяняюць на вызваленне з турмы палітвязняў, – мяркуе Анатоль Лябедзька. – Паглядзім колькіх. Калі гэтага не адбудзецца, то я адмаўляюся разумець нейкую палітычную логіку ў дзеяннях Бруселя. Такі крок у дачыненні да Макея не вельмі добры, таму што ён разбурае сам прынцып спісу людзей з абмежаваннямі. Гэта азначае, што выключэнне з правілаў мацней самога правіла. Таму адзінае, што магло б апраўдаць такое рашэнне – толькі вызваленне ўсіх або нейкай колькасці людзей з турмы. Але гэта павінна адбыцца ў найбліжэйшай будучыні».

Нагадаем, сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей быў выключаны са спісу асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза.

Макей знаходзіўся ў спісе чыноўнікаў і алігархаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі з-за рэпрэсій у нашай краіне. Яму быў забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза і ў ЗША. Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі раней заяўлялі пра тое, што Макею могуць дазволіць уезд у ЕЗ. Гэтая ідэя была падвергнутая крытыцы як з боку беларускай апазіцыі, так і з боку ўплывовых праваабарончых арганізацый.

Уладзімір Макей, якога некаторыя прадстаўляюць ці ледзь не як галоўнага «ліберала» сярод беларускіх чыноўнікаў, – выхадзец са спецслужбаў і сыграў адну з галоўных роляў як у правакацыі 19 снежня 2010 года, так і ў наступных. Калі перад выбарамі 2006 года беларусаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый, палохаў асабіста старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, то ў 2010 годзе ўдзельнікаў Плошчы запалохваў тэрактамі сам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Макей.

charter97.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Буланаў
  • Павал Шарамет
  • Аляксей Бондар