Анатоль Лябедзька: У СІЗА я ўсё вытрымаў…

 ai-162860-aux-head-20150803_lebedko_360У інтэрв’ю сайту palitviazni.info  старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавядае пра тое, як і навошта прыйшоў у палітыку, падзяліўся ўласным досведам знаходжання за кратамі, а таксама адказаў на пытанне, чаму ні на адных выбарах у беларускай апазіцыі не было шанцаў на перамогу.

“Я не вяду ўліку тых сутак, якія правёў ў няволі, – кажа палітык. – Колькі сядзеў, столькі сядзеў… На вялікі жаль, сістэма ў Беларусі адбудавана так, што любы з нас, які адкрыта выказвае свае перакананні, можа апынуцца за кратамі. Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для мяне і для маёй сям’і была мінулая прэзідэнцкая кампанія, калі я апынуўся у сумнавядомай  “амерыканцы”. І гэта быў чарговы акт застрашэння нязгодных з боку ўлады. У СІЗА КДБ рыхтаваліся да “наплыву” палітычных. Там нават змянілі начальніка і ўвялі ў адміністрацыю невядомых людзей у чорных масках. Гэта было жудасна… Нас мэтанакіравана збівалі,  прыніжалі, прымушалі спаць на дошках… Карацей, выкарыстоўвалі ўсе метады, каб зламаць. Мяне ламала не столькі знаходжанне ў “амерыканцы”, колькі адсутнасць якой-небудзь інфармацыі ад родных і блізкіх. Але вытрымаў і актыўную палітычную дзейнасць не кінуў”.

– У вялікую палітыку я патрапіў напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, – успамінае Анатоль Лябедзька. – Часы для гэтага былі спрыяльныя, развальваўся Савецкі Саюз, у грамадстве лунала прага да перамен і да незалежнасці Беларусі. Падчас гарбачоўскай перабудовы ў людзей нарэшцэ з’явілася магчымасць больш свабодна гаварыць, аналізаваць, думаць. Гэта і стала заклікам да прыходу ў палітыку для вялікай колькасці людзей. У 90-х я працаваў намеснікам дырэктара школы-інтэрната на Ашмяншчыне. І, напэўна, мая  жыццёвая пазіцыя (я крытчна глядзеў на многія рэчы, што адбываліся навокал) спадабалася мясцовым жыхарам. Карацей, прыйшла да мяне аднойчы група людзей з прапановай паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Я даволі хутка пагадзіўся, чаму б і не? Тую кампанію мы правялі проста выдатна, на абсалютна добраахвотных пачатках. У маю каманду тады ўваходзіла каля сямідзесяці валанцёраў. Бюджэт кампаніі быў нуль рублёў.

– І як удалося перамагчы?

– Па-першае, на тых выбарах, хоць неяк, але галасы лічылі. Хаця ў маіх суперніках былі даволі сур’ёзныя людзі. Прадстаўнікі камуністычнай наменклатуры – першы сакратар райкама партыі, другі сакратар райкама, начальнік мясцовай міліцыі… Скажу шчыра, палкі ў колы тады не ставілі. Напрыклад, першы сакратар райкама пры сустрэчы сказаў нешта кшталту: “Хочаш спрабаваць сабе ў палітыцы? Сспрабуй, трэба і моладзі дарогу даваць”.

На двары стаяў 90-год, многім не хацелася вяртання да “кандовага камунізму”, многія выступалі за рэальнае народаўладдзе, таму ў тых, хто супрацьстаяў прадстаўнікам старой камуністычнай сістэмы з’яўлялілся рэальныя шанцы. Была рэальная, а не “намаляваная” падтрымка. Зараз мне ўзгадваецца адзін красамоўны эпізод з той выбарчай кампаніі. Калектыўная сустрэча кандыдатаў з выбаршчыкамі. Адбывалася яна ў Жупранах. Дык вось першы сакратар райкама прыехаў туды на блакітнай службовай “Волзе”, другі сакратар на чорнай “Волзе”, міліцыянт на “УАЗіку”, а я… А я на тую сустрэчу спазніўся, бо ехаў да людзей на звычайным маршрутным аўтобусе, які затрымаўся ў дарозе. І першае, што я сказаў на той сустрэчы: “Мы зробім усё, каб грамадскі транспарт хадзіў па раскладзе, і людзі нікуды не спазняліся…”. У першым туры я набраў 74%, нягледзячы на фальсіфікацыі. Яны і тады былі, але не такія масштабныя, як зараз. Гэта былі выбары ў райсавет. А пасля, як вы ведаеце, я быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.

– І зараз вас у ліку іншых абвінавачваюць у тым, што вы спрычыніліся да таго, каб першы прэзідэнт Беларусі прыйшоў да ўлады…

– Я і сам неаднаразова падобнае чуў. Але, скажу, што роля маёй асобы ў гэтай гісторыі значна перабольшана. На час дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце мне было крыху больш за 30 гадоў. І я не быў, скажам так, “топавым” дэпутатам, які фарміраваў парадак дня ў Вярхоўным Савеце. У дзесятку “топавых” на той час уваходзілі Віктар Ганчар, Дзмітрый Булахаў, Зянон Пазняк… Я быў актыўным, не адседжваўся, меў сваю пазіцыю, але, тым не менш.. Так, у камандзе Аляксандра Лукашэнкі я апынуўся, і гэты пункт сваёй палітычнай біяграфіі не магу занесці сабе ў актыў. Трэба разумець, што ў сярэдзіне 90-х Лукашэнка не быў праблемай Беларусі. Праблемай Беларусі было тое, што краіна магла вярнуцца на камуністычныя рэйкі. На выбарах 94-га дэмакраты таксама не змаглі аб’яднацца і ішлі на выбарчую кампанію трыма калонамі. А што да Лукашэнкі, то я вам скажу, да яго ў той час ставіліся па рознаму – хто з усмешкай, хто з павагай. Ён нават уваходзіў у дэпутацкі дэмакратычны клуб. Нельга тады было сказаць, што пад яго кіраўніцтвам краіна скоціцца да дыктатуры. Мы хацелі перамен. Лукашэнка з’явіўся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы — ён быў кіраўніком антыкарупцыйнай камісіі, рост яго папулярнасці множыўся, многія тады зрабілі на яго стаўку.

І я дагэтуль перакананы, у 94-м людзі галасавалі не за асобу, а за перамены, за будучыню…

– З таго часу прайшло крыху больш за 20 гадоў. У масштабах гісторыі не такі ўжо і вялікі адрэзак часу, але Беларусь моцна змянілася. На вашую думку, за кошт чаго краіна пераўтварылася, як лічаць некаторыя палітыкі, у “апошнюю дыктатуру Еўропы”?

– За час знаходжання ва ўладзе Аляксандру Рыгоравічу ўдалося адбудаваць тры апірышчы, на якіх трымаецца ягоная сістэма. Першае – расійскі фактар, пачынаючы ад расійскіх грошай і прадастаўлення рынку збыту для беларускіх тавараў, заканчваючы папулісцкай рыторыкай наконт “будаўніцтва саюзнай дзяржавы”. Другое – фінансава-эканамічная залежнасць пераважнай колькасці людзей ад улады, бо заробак многія беларусы ў той ці іншай ступені атрымліваюць з рук улады. А эканамічна несвабоднымі людзьмі лягчэй маніпуляваць. Гэта вельмі моцны фактар ўплыву. І трэцяе – страх, які жыў з намі за савецкім часам, і, які быў перанесены ў незалежную Беларусь. Нават абрэвіятура КДБ засталася з намі адтуль. Думаю, спецслужбу не сталі называць неяк па-іншаму наўмысна.

– Вы прайшлі шмат выбарчых кампаній. Як лічыце, калі апазіцыя мела рэальны шанец на перамогу?

– На маю думку, шанцаў на перамогу не было ні ў 2001-м, ні ў 2006-м, ні ў 2010-м гадах. Адзіны рэальны шанц прадстаўнікоў апазіцыі быў яшчэ ў Вярхоўным Савеце, калі дэпутаты спрабавалі зрабіць нешта ўнутры парламента, а не праз вулічныя акцыі, як мы робім гэта зараз. Так, у 2006-м, у 2010-м мужнасць людзей, якія стаялі на Плошчы, была бязмежная. Ахвярнасць, гераізм гэтых людзей вартыя пашаны, але шанцаў змяніць уладу ў 2000-х было менш, чым у 90-х.

За АГП магу сказаць дакладна: у 2010-м у нашай каманды ніякага плана Плошчы не было. Кандыдатам ад нас быў Раманчук. Ён не вулічны барацьбіт, што і паказалі падзеі 19-20 снежня 2010 года. Раманчук шчыра казаў: “Я не нясу адказнасць за тое, што адбудзецца на вуліцы, бо я эканаміст, які гатовы браць на сябе адказнасць за рэформы”.

Адзіная дамова заключалася паміж дэмакратычнымі кандыдатамі ў тым, што ўсе прыйдуць на Плошчу і там пра нешта будуць дамаўляцца. Чым гэта скончылася, мы ўсе памятаем. Мірная акцыя скончылыся правакацыямі, затрыманнямі, адсідкамі.

– За сваю палітычную дзейнасць вы неаднаразова траплялі пад  рэпрэсіі. Вас неаднаразова збівалі, катавалі, кідалі за краты…

– Я не вяду ўліку тых сутак, якія правёў ў няволі. Колькі сядзеў, столькі сядзеў… На вялікі жаль, сістэма ў Беларусі адбудавана так, што любы з нас, які адкрыта выказвае свае перакананні, можа апынуцца за кратамі. Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для мяне і для маёй сям’і была мінулая прэзідэнцкая кампанія, калі я апынуўся у сумнавядомай  “амерыканцы”. І гэта быў чарговы акт застрашэння нязгодных з боку ўлады. У СІЗА КДБ рыхтаваліся да “наплыву” палітычных. Там нават змянілі начальніка і ўвялі ў адміністрацыю невядомых людзей у чорных масках. Гэта было жудасна… Нас мэтанакіравана збівалі,  прыніжалі, прымушалі спаць на дошках… Карацей, выкарыстоўвалі ўсе метады, каб зламаць. Мяне ламала не столькі знаходжанне ў “амерыканцы”, колькі адсутнасць якой-небудзь інфармацыі ад родных і блізкіх. Але вытрымаў і актыўную палітычную дзейнасць не кінуў.

– Гаворачы, што выбараў няма,  што галасы не лічаць, вы адзін з тых, хто ў іх удзельнічае. Вось і зараз ваша партыя збіраецца браць удзел у парламенцкай кампаніі бягучага году. Дзе логіка?

– За сваё палітычнае жыццё я зрабіў пэўныя памылкі і гэта не адмаўляю. Але ў той жа час я ніколі не здраджваў уласнаму сумленню. А яно мне падказвае, што, калі навокал чыніцца беззаконне, калі людзі бяднеюць, маўчаць нельга. Нехта павінен пра гэта казаць…

Калі глядзець праўдзе ў вочы, то на сёняшні дзень дэмакратычным партыям не хапае людскога рэсурсу. Не хапае актыўных людзей, тых, хто можа паўплываць на ўладу. Ведаеце, дзе сёння сканцэнтравана самая моцная частка беларускай апазіцыі? На кухнях нашай краіны. Там мы можам смела крытыкаваць уладу, выказваць незадаволенасць ростам цэн, падзеннем заробкаў. І вось, калі “апазіцыя кухні” ў поўным складзе апынецца на вуліцы, тады, будзьце ўпэўнены, улада нас пачуе. На гэта мы ў меру сваіх сіл і працуем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Сурапін
  • Васіль Парфянкоў
  • Зьміцер Дашкевіч