Наста Лойка: Спіс палітвязняў можа павялічыцца

Наста ЛойкаПра тое, каго можна лічыць палітвязнем, пра справы з палітычным адценнем і стуацыю з правамі чалавека ў Беларусі сайту palitviazni.info распавядае праваабаронца Наста ЛОЙКА.

“Насамрэч улады ніколі не адмаўляліся ад такой формы пераследу грамадскіх актывістаў, як крымінальная справа, – адзначае суразмоўца. – Пры гэтым  заўжды спрабавалі максімальна маскіраваць такія справы пад нейкія бытавыя рэчы…”


Днямі некаторыя прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскія актывісты і праваабаронцы склалі свой спіс палітвязняў, які складаецца з 16 чалавек. У той жа час праваабаронцы на сёняшні момант прызналі палітычнымі зняволенымі толькі дзвух чалавек – Міхаіла Жамчужнага і Уладзіміра Кондруся.

– Сітуацыя не новая, бо заўжды знаходзіліся пэўныя палітычныя інтарэсы, калі людзі падымаюць гэтыя пытанні, – кажа Наста Лойка. – Ладзіліся нават форумы і прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды. У праваабаронцаў асноўная функцыя – даследваць крымінальныя справы і даваць ацэнкі адносна іх. У грамадзянскай супольнасць маецца ўласная функцыя – выказваць сваё бачанне той ці іншай сітуацыі. І, безумоўна, яны маюць на гэта поўнае права.

Што ж датычыцца агучанага новага спісу палітвязняў, то пра ўсе гэтыя справы ў нас ёсць інфармацыя. Так, гэты спіс і праваабарончы адрозніваюцца. Але ў нас і падыходы розныя. Палітыкі звычайна кіруюцца такім крытэрам: маўляў, пад рэпрэсіі патрапіў патрыёт. У нас жа ёсць пэўныя і дакладныя крытэрыі, з якіх і зыходзім, калі прызнаем палітвязняў. Яны, дарэчы, былі распрацаваны з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый шасці краін. І першы крытэр надання чалавеку статуса палітвязня – той павінен знаходзіцца за кратамі. А ў тым жа “спісе 16-і” былі людзі, якія на момант разгляду спісу нават не былі вартай. ж Алеся Садоўская, Аляксандр Лапіцкі, Зміцер Ціхановіч…

Другі крытэр звязаны з тым, што мы вывучаем і саму крымінальную справу. Можа быць сітуацыя, калі чалавека пераследуюць за яго грамадскую дзейнасць толькі па артыкулах, якія мы аўтаматычны лічым палітычна матываванымі. Напрыклад, калі пераследуюць па артыкуле, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Мы лічым, што гэта – рэпрэсіўны механізм для іншадумцаў. Але, калі некага пераследуць за тое, што ён нешта здзейсніў крымінальнага, тады цалкам даследуем усю справу. Вельмі часта даводзіцца чакаць вынікаў суда, аналізуем…  Бо да некага могуць ужыць і непрапарцынае пакаранне. Такая сітуацыя была з хлопцамі, якія кінулі “кактэйль Молатава” ў дзверы Бабруйскага КДБ у 2012 годзе. Тады пашкоджанне было на 200 тысяч рублёў (на старыя грошы), а палічылі, што яны хацелі спаліць увесь будынак. Непрапарцыйнае пакаранне, хаця ў той жа час мы не можам вітаць такія дзеянні маладых людзей.

– Тое самае было і ў сітуацыі з палітвязнем Міхаілам Жамчужным?

– Так…  І пакуль мы прызнаем палітвязнямі толькі двух чалавек – Міхаіла Жамчужнага і Уладзіміра Кондруся. Дарэчы, усіх людзей, якіх бяруць пад варту па падзеях 19 снежня 2010 году, мы аўтаматычна прызнаем палітвязнямі ў сувязі з тым, што не лічым, што гэта былі масавыя беспарадкі. Максімум, што можа быць за такія дзеянні, — адміністратыўная справа.

– Калі вярнуцца да новага спісу…

– З таго спісу Аляксандр Лапіцкі, як толькі паедзе на прымусовае лячэнне, будзе прызнаны палітычным зняволеным. А пакуль яго пераслед лічым проста палітычна матываваным.

Адзін з самых галоўных кандыдатаў на палітвязні – Дзмітрый Паліенка, якія быў затрыманы на акцыі веласіпідыстаў “Крытычная маса”. Там на самай справе былі грубыя дзеянні з боку ДАІ, людзі абараняліся… Не думаю, што чалавек уяўляе такую вялікую небяспеку, што чатыры месяцы знаходзіцца пад вартай. А пагражае хлопцу – аж да 6 гадоў зняволення. Калі пасля суда наша інфармацыя пацвердзіцца, то будзем прызнаваць яго палітвязнем.

У новым спісе палітвязняў ёсць і Тарас Аватараў, якога асудзілі да 5 гадоў за тое, што ён прыехаў з украінскай зоны АТО у Мінск з боепрыпасамі. І добра, што яго яшчэ не судзілі тут за наемніцтва ў класічным выглядзе. Натуральна, мы не можам ухваляць такія дзеянні, як перавоз небяспечных рэчываў, тым больш, калі чалавек зрабіў гэта свядома. Ён па факце парушыў Крымінальны кодэкс.

— Адным словам, палітыкі вызначылі для сябе спіс людзей, чые справы маюць палітычнае адценне, але гэта не азначае, што яны павінны быць прызнаны палітвязнямі?

— Палітвязні – штучны тэрмін, і кожны яго можа трактаваць па-свойму. Для нас – гэта людзі, якія адпавядаць нашым выпрацаваным прынцыпам. Для некаторых палітвязень – патрыёт, які пераследуецца невядома за што. Але несправядлівых прысудаў у краіне шмат. І гэта не дае падставу прызнаваць тых людзей “палітычнымі”. Таму людзі, якія абмяркоўваюць гэтую тэму, часам не ведаюць нават нюансы справы.

– Вы адсочваеце “справу антыфашыстаў”?

– Так, відавочна, што да гэтай групы людзей асаблівая ўвага спецслужбаў. Наогул, увага да ўсіх нефармальных групаў. Іх забіраюць з працы, праводзяць размовы, чапляюцца… Такіх выпадкаў – дзесяткі па краіне. І гэта падобна на агульныя дзеянні сілавікоў для таго, каб разваліць нефармальныя рухі. У гэтым – палітычны матыў дзяржавы. Але ў той жа час маладыя людзі акрамя мірных метадаў прапаганды сваіх ідэй прымяняюць і гвалтоўныя метады, звязаныя з нейкімі бойкамі. Натуральна, і такія дзеянні ніхто вітаць не будзе, хаця за судом ізноў-такі будзем уважліва сачыць. Пабачым, наколькі людзі атрымаюць прапарцыйнае пакаранне.

– Тым не менш, “спіс 16-і” афіцыйна агучаны палітыкамі, ён існуе…

– Гэта права на свабоднае выказванне і меркаванне грамдзчянскай супольнасці. І добра, што людзі неабыякавыя. Аднак яны могуць даваць статус палітвязня каму заўгодна, але гэта не паўплывае на нашы крытэрыі. З’яўленне спіса – не ўказанне да дзеяння. Хаця не выключана, што частка людзей са спіса палітыкаў з цягам часу будзе прызнаны палітвязнямі і праваабаронцамі. І дакладна можна сказаць – частка людзей з таго спісу ўжо ніякім чынам не будуць прызнана палітычнымі зняволенымі.

– Палітвязні ў краіне застаюцца, распачынаюцца палітычна матываваныя справы… Нічога не змяняецца?

– Насамрэч улады ніколі не адмаўляліся ад такой формы пераследу, як крымінальная справа. І заўжды максімальна спрабавалі маскіраваць гэта пад нейкія бытавыя рэчы. Напрыклад, Алеся Бяляцкага актыўна паказвалі, як эканамічнага злачынцу, а не палітвязня. Усё гэта – механізм запужвання актывістаў, яны, напэўна, ніколі ад яго не змогуць адмовіцца. Таму могуць чапляцца за нейкія чалавечыя слабасці, правакаваць… А паказваць будуць, што сітуацыя палепшылася. Тое самае і з палітвязнямі. Пазіцыя ўлады такая, што актывістаў пры першай магчымасці мы будзем браць пад варту і судзіць. І, на жаль, ва ўладаў развязаны рукі, бо няма сур’ёзных патрабаванняў з боку Еўропы і ЗША па правах чалавека. Таму ўлады адчуваюць пэўную свабоду, і, баюся, такая агульная пазіцыя можа працягнуць тэндэнцыю прыхаваных рэпрэсій. Таму ў любы момант колькасць палітвязняў можа павялічыцца.

– Ці цікава сёння тэма тых беларускіх палітвязняў, якія сёння знаходзяцца за кратамі, еўрапейскім чыноўнікам?

– Мы ўлічваем кан’юктуру знешніх стасункаў, але не кіруемся ёй. Мы прызнаем людзей палітвязнямі і выкарыстоўваем розныя механізмы для іх вызвалення. У тым ліку падымаем пастаянна гэтую тэму на міжнародным узроўні. Мы нагадваем, што ёсць яшчэ людзі ў Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай па палітычных матывах.

palitviazni.info

, - у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні