Міхаіл Жамчужны: Ганаруся тым, што я – палітвязень

14110101“Адвакат пазнаёміўся з маёй справай, рыхтуем наглядную скаргу”, – напісаў з калоніі палітзняволены Міхаіл Жамчужны грамадскай актывістцы Ганне Шапуцька.

Са слоў Жамчужнага, у калоніі ён адчувае сябе нават больш вольным, чым ад арышту.

“Мне прыйшлі  ад Міхаіла адразу тры лісты, – распавяла Ганна Шапуцька сайту palitviazni.info. – Паведаміў, што адвакат пазнаёміўся з яго справай і хутка дашле ўсё неабходнае дзеля таго, каб падаць наглядную скаргу”.

“Я ганаруся тым, што я – палітвязень, – піша Міхаіл Жамчужны. – Нават больш ганаруся, чым сваімі навуковымі званнямі. І тое, што знаходжуся ў месцах пазбаўлення волі, меня абсалютна не прыгнятае. Тут я адчуваю сябе больш вольным, чым да арышту”.

Па словах Жамчужнага, асаблівага ціску зараз на яго ў калоніі няма, сітуацыя быццам бы нармалізавалася.

 “У мяне нарэшце ўсё стала добра, – паведаміў палітвязень. – Вы мяне абаранілі ад непрыемнасцей, калі размясцілі ў Інтэрнэце звесткі пра тое, што на мяне ўзмацнілі ціск і пачаліся правакацыі. Гэта было своечасова, бо непрыемнасці раслі, як снежны ком. Але прыезд адваката (як ён сам сказаў: “у сувязі з вашай занепакоенасцю”) спыніў праблемы. Майго скандальнага суседа перавялі ў іншае памяшканне, а іншыя зняволеныя вымусілі таго прызнаць сувязь са спецслежбамі. І ўжо хацелі перавесці ў нізкі статус, але кіраўніцтва было супраць. Дарэчы, некалькі сустрэч з адміністрацыяй паказалі ўзаемаразуменне, але ў той жа час я таксама разумею, што ў гэтых людзей ёсць служба і загады, якія трэба выконваць. І ёсць законы, якія не працуюць. Таму, маючы розум, мы прыйшлі да кампраміса. Спадзяюся, што ліставанне пачнецца, як і раней”.

Правабаронцы назбіралі для Міхаіла Жамчужнага грошы і даслалі яму 500 тысяч рублёў, але той просіць на яго “не траціцца”.

“Я ведаю, што зараз актывістам даюць шмат штрафаў, таму гэтыя грошы больш патрэбны ім”, – напісаў ён.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні