Палітвязень Міхаіл Жамчужны займаецца ў калоніі праваабарончай дзейнасцю

14110101 Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, прыслаў ліст з-за кратаў віцебскаму правабаронцу Леаніду Свеціку.

“У калоніі я займаюся грамадскай і праваабарончай дзейнасцю, – піша Міхаіл Жамчужны. – Дапамагаю адстойваць правы зняволеных”.

“Найперш хачу сказаць, што не атрымліваў ад Міхаіла лісты больш за месяц, хаця раней пісаў шмат, – распавядае Леанід Свецік. – У першых радках ён паведаміў мне, што адміністрацыя калоніі не дазволіла яму карыстацца радыё, якое мы яму даслалі, таму прыёмнік па просьбе “рэжымнікаў” той накіраваў назад, каб, маўляў, не слухаў “няправільныя радыёстанцыі”. Праўда, у памяшканні паставілі стацыянарнае радыё, дзе можна слухаць “правільныя галасы”.

У лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе таксама, што па яго ініцыятыве былі праведзены сходы з работнікамі адміністрацыі калоніі, у пэўным сэнсе ён займаецца там і праваабарончай дзейнасцю.

“Устаноўлены пазітыўны і канструктыўны дыялог з адміністрацыяй, – піша Міхаіл Жамчужны.Па просьбе ініцыятыўнай групы адбыліся два сходы, дзе прадстаўнікі бухгалтэрыі і гаспадарчай часці адказвалі на пытанні зняволеных. Варта адзначыць, што ўсе пытанні, якія паднялі зняволеныя, былі аператыўна вырашаны як на сходзе так і індывідуальна праз нейкі час. Асуджаныя былі здзіўлены вынікамі і магчымасцю адкрытага дыялога з адміністрацыяй. Так што я тут таксама займаюся грамадскай і праваабарончай дзейнасцю”.

Таксама палітвязень паведаміў, што ў калонію прыязджала заснавальнік і дырэктар інфармацыйна-кансультацыйнай установы “Рэгіён 119” Алена Красоўская-Каспяровіч. Заснавальнікі гэтай афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі “Платформы інавэйшн”, якую ў сваю чаргу заснаваў Міхаіл Жамчужны.

“Як і чакалася, яна правяла фармальны маніторынг умоў утрымання зняволеных, — напісаў Міхаіл Жамчужны. – І гэта выклікала негатыўную рэакцыю зняволеных. Са мной Алена не сустрэлася, нягледзячы на тое, што я быў да гэтага гатовы. Не сустрэлася і з тымі зняволенымі, якія хацелі да яе звярнуцца з прававымі пытаннямі. Яна хадзіла па зараней абранаму для яе адміністрацыяй маршруту”.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні