Зміцер Паліенка: Улады робяць усё, каб мяне ачарніць…

Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info пра тое, што яму абяцалі следчыя, пра сваю справу і суд, а таксама пра тое, чаму яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

“Спачатку яны прыбралі артыкулы, ад якіх яскрава патыхала палітычным кантэкстам, а затым вырашылі зрабіць у вачах грамадскасці злосным хуліганам і алкаголікам”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год.

У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

– Зміцер, ці разлічвалі вы на такі прысуд?

– Калі пракурор запрасіў для мяне 6 гадоў зняволення, то думаў, што давядзецца адсядзець як мінімум чатыры гады за кратамі. Але меркаваў, што шэсць гадоў дакладна не дадуць, бо справа “ліпавая” і гэта ўсім на працэсе стала відавочна.

– Маральна складана было рыхтаваць сябе да таго, што некалькі гадоў, магчыма, давядзецца правесці ў няволі?

– Безумоўна, бо спачатку па тых артыкулах, што на мяне “навешалі”, увогуле “свяціла” нават 10 гадоў зняволення. Каго будуць радаваць такія перспектывы? Асабліва калі ведаеш, што справа цягне максімум на “адміністратыўку”.

Мне і на судзе было цяжка гаварыць, бо справа выглядала абсалютна абсурднай. У натуральным сэнсе даводзілася даказваць, што ты – не вярблюд.

– Следчыя аказвалі нейкі ціск падчас папярэдняга следства?

– Мне наогул пагражалі, калі не пачну даваць неабходныя паказанні, справу могуць перакваліфікаваць так, што атрымаю 12 гадоў зняволення. Я разумеў, што гэта – блеф, таму на такія прапановы не рэагаваў.

Паўтаруся, мая справа яйка выедзенага не вартая, а з яе раздзьмулі справу неверагодных памераў. Я проста самаабараняўся ад п’янога неадэквата, якія накінуўся на мяне на лесвічнай пляцоўцы. У нас што, абараняцца нельга?

Ды я і не хаваў, што абараняўся. Аддаў следчым балончыкі з газам, казаў усім, што мне хаваць няма чаго.

– У першы дзень судовага працэса вы спрабавалі парэзаць сабе вены. Гэта быў экмпромт ці такую акцыю пратэста распрацоўвалі зараней?

– Гэта быў не экспромт, я рыхтаваўся да гэтага і папярэджваў, што ў выпадку, калі працэс не зробяць адкрытым (а першапачаткова яго зрабілі закрытым), вымушаны буду пайсці на самыя радыкальныя меры. Суд спрабавалі закрыць ад вачэй і вушэй грамадскасці, бо справа была шытая белымі ніткамі.

У мяне не было іншага выйсця, як паспрабаваць ускрыць сабе вены, і, як бачым, гэта дало эфект. Пасля майго дэмарша ўлады пайшлі мне на саступкі – зрабілі працэс адкрытым.

– Чым парэзалі руку?

– Згодна з афіцыйнай версіяй, я разламаў ручку, і ёй парэзаў руку. Я не магу рассказаць усе падрабязнасці, таму няхай афіцыйная версія і застаецца прыярытэтнай.

– Будзеце абскарджваць прысуд?

– Безумоўна, на абскарджванне ў мяне ёсць 10 дзён пасля вынясенне судовага рашэння. Разумею, што гэта бессэнсоўна, калі казаць пра змягчэнне прысуду, але, тым не менш, трэба прайсці ўсе ступені. Хачу такім чынам паказаць, што я не лічу сябе наогул вінаватым.

– Вам прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму…

– Зараз, калі на судзе вынеслі рашэнне накіраваць мяне на прымусовае лячэнне ад алкагалізма, я, натуральна, абурыўся і казаў, што гэта – абсурд, але ж ніхто не паслухаў. Гэта ўсё спецыяльна зроблена, каб мяне ачарніць. Спачатку яны прыбралі артыкулы, ад якіх яскрава патыхала палітычным кантэкстам, а затым вырашылі зрабіць у вачах грамадскасці злосным хуліганам і алкаголікам.

Перад судом мяне накіроўвалі на абследванне ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках і, відаць, па выніках экспертызы “экспертны савет” даў суду пэўныя рэкамендацыі. Магу толькі здагадвацца, па чыіх рэкамендацыях.

Апошнім часам я адбываў пакаранне ў калоніі за ўдзел у акцыі “Крытычная маса”, пра які алкаголь ідзе размова? Год таму выйшаў на волю, з таго часу ні ў праваахоўнікаў, ні у блізкіх таксама не было ніводнай прэтэнзіі да мяне з нагоды таго, што быццам бя я злоўжываю алкагольнымі напоямі. І раптам — на лячэнне ад алкагалізма! Клянуся, большага абсурда я яшчэ не бачыў. Але такая практычка ачарнення тых, хто не ідзе ў нагу з лініяй партыяй, не новая, яна была яшчэ ў савецкія часы. Таму сістэма, як бачым, не змяняецца.

– Наколькі вядома, вы з Настай Гусевай вырашылі пажаніцца, і нават калі б атрымалі тэрмін, то заручыліся б шлюбам у калоніі. Якія планы зараз?

– Ва ўсялякім выпадку, яны не змяніліся, у бліжэйшы час мы абавязкова пажэнімся. Праўда, не можам пакуль нават заяву ў ЗАГС падаць, бо пашпарт мне яшчэ не вярнулі — ён знаходзіцца ў якасці рэчавых доказаў.

– Чым плануецца заняцца ў бліжэйшы час?

– Чым і раней, хаця ва ўмовах “хатняй хіміі” дастаткова шмат абмежаванняў. Я ўжо не змагу актыўна ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, але ад сваіх поглядаў не адмаўляюся і не адмоўлюся.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні