З 21 мая палітвязень Міхаіл Жамчужны ізноў знаходзіцца ў ШІЗА

Пра гэта палітвязень паведаміў у сваім лісце грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык.

“Міхаіл напісаў, што з 21 мая яго на некалькі месяцаў адпраўляюць у ШІЗА і выбачыўся, што доўгі час пісаць не зможа”, – распавяла Вольга сайту palitviazni.info.

Палітвязня Міхаіла Жамчужнага працягваюць прэсаваць у Горацкай калоніі. Пасля таго, як ён адбыў чарговыя 10 сутак у ШІЗА, 21 лютага Жамчужны быў пераведзены на тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). А зараз ізноў апынуўся ў штрафным ізаялатры.

“Міхаіл напісаў, што з з 21 мая яго ізноў адпраўляюць у ШІЗА, а таму ліставання не будзе, – кажа Вольга. – Хаця ўвогуле ліст пранізаны гумарам, няма асаблівых скаргаў на жыццё. Але ж мы разумеем, што прыстойнага чалавека ізноў адпраўляюць у штрафны ізалятар на катаванні”.

Вольга Мікалайчк не разумее, колькі можна здзеквацца са сталага чалавека, і што такім чынам адміністрацыя калоніі хоча даказаць.

“Проста брыдка назіраць за ўсім гэтым, – кажа Вольга Мікалайчык. – Улада знаходзіцца на такім дне чалавечнасці, што няма слоў”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Буланаў
  • Андрэй Гайдукоў
  • Анатоль Шумчанка