Міхаіл Жамчужны: Не губляйце аптымізму!

Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык распавяла сайту palitviazni.info пра тое, што піша ёй у лістах палітвязень Міхаіл Жамчужны, і чаму вельмі важна яго падтрымаць.

“Для мяне, безумоўна, гэта вельмі мужны чалавек, бо, нягледзячы на тую складаную сітуацыю, у якой ён знаходзіцца сам, працягвае падбадзёрваць іншых”, – кажа суразмоўца.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ў калоніі ў Горках.

“Адразу адзначу, што ад Міхаіла мне прыходзяць апошнім часам не лісты, а паштоўкі з кароткім тэкстам, – кажа Вольга Мікалайчык. — Калі я даведалася, што Рада БНР магчыма ўзнагародзіць палітвязня медалём у гонар БНР-100 за дзейнасць на карысць свабоднай і незалежнай Беларусі, то была вельмі ўсцешана гэтым, і ў сваім лісце адразу павіншавала Жамчужнага з узнагародай”.

Са слоў Вольгі Мікалайчык, і за кратамі Міхаіл Жамчужны валодае інфармацыяй пра тое, што адбываецца на волі.

“Нечакана было, што Міхаіл ведаў пра мае пікеты, пра тое, якія штрафы за гэта выпісваюць, – кажа Вольга. – Падзякаваў за тое, што ўдзельнічала ў акцыі ў падтрымку палітычных зняволеных. “З адрэналінавай залежнасцю у вас, як і ў мяне, усё добра”, – напісаў Жамчужны і параіў не губляць аптымізм. У яго наогул усе лісты – на ўзроўні добрага гумару і жартаў. Для мяне, безумоўна, гэта вельмі мужны чалавек, бо, нягледзячы на тую складаную сітуацыю, у якой ён знаходзіцца, працягвае падбадзёрваць іншых. Ён падтрымлівае мяне, я – яго, на тым і трымаемся”.

Вольга дадае, што Міхаілу Жамчужнаму сёння вельмі важная падтрымка і салідарнасць. Дасылаць лісты можна па адрасе:

213410, Магілёўская вобласць,

г.Горкі, вул. Дабралюбава 16,

ПК-9.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Аляксандар Квяткевіч