Вячаслаў Касінераў: Перспектывы для Змітра не вельмі добрыя

Актывіст анархічнага руху Вячаслаў Касінераў распавёў сайту palitviazni.info пра тое, які лёс можа чакаць у бліжэйшы час былога палітвязня Зміцера Паліенку.

“Усё гэта адбываецца перад знакавымі падзеямі – Днём волі, Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць летам у Мінску, прэзідэнцкай кампаніяй. Магчыма, улады вырашылі пачаць зачыстку найбольш актыўных ужо зараз”, – выказвае меркаванне суразмоўца.

Нагадаем, што 20 сакавіка ў Мінску каля дзясятай гадзіны раніцы ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 КК РБ (“Асабліва злоснае хуліганства”), паведамляе spring96.org.

У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д.

Па версіі следства, жыхар дома заўважыў на лесвічнай пляцоўцы незнаёмага хлопца, той паліў. На заўвагу Паліенка быццам бы пырснуў у твар з газавага балончыка. Зараз Зміцер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і чакае, якім чынам далей будзе развівацца справа.

– У бліжэйшы час даведаемся, ці будзе ўзбуджана ў дачыненні да Змітра новая крымінальная справа альбо яго адпусцяць на волю, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Да 10.00 23 сакавіка сілавікі якраз і павінны вызначыцца.

Але бачна, што рашэнне аб затрыманні Паліенке вырашалі хутка, следчыя дзеянні праводзіліся ўжо ў першы дзень.

— Вы кажаце не пра бытавы канфлікт, а мяркуеце, што гэтая справа мае палітычную афарбоўку. Адкуль такая ўпэўненасць?

– Па-першае, справа Змітра Паліенкі дзіўна супала з затрыманнямі і ператрусамі некаторых іншых людзей, якія вялі актыўную грамадскую дзейнасць. Напрыклад, 20 сакавіка таксама быў затрыманы папулярны блогер Андрэй Павук, раней былі ўзбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні да Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Асабіста я ў такія супадзенні не веру.

Па-другое, усё гэта адбываецца перад знакавымі падзеямі – Днём волі, Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць летам у Мінску, прэзідэнцкай кампаніяй. Магчыма, улады вырашылі пачаць зачыстку найбольш актыўных ужо зараз. А арганізаваць правакацыю ў дачыненні да чалавека і сцішыць яго крымінальнай справай – гэта для ўлады цяжкасцей не складае.

– Што вядома пра таго чалавека, які напісаў заяву на Зміцера Паліенку?

– Ён вёў сябе вельмі агрэсіўна. Такскама вядома, што вельмі блытаецца ў паказаннях. Дарэчы, следчыя адмовілася даваць інфармацыю, у які момант гэты так званы пацярпелы вырашыў напісаць заяву. Не выключана, што яго вымусілі гэта зрабіць. І, наколькі вядома, ён прызнаўся, што быў п’яны падчас канфліктнай сітуацыі.

– У горшым выпадку, што пагражае Зміцеру Паліенку?

– У горшым выпадку ўсё зусім кепска, бо артыкул “Асабліва злоснае хуліганства”, па якім яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжвае ад 3 да 10 гадоў зняволення. Дарэчы, артыкул той жа, па якім раней асудзілі Зміцера Дашкевіча, супраць якога зладзілі амаль аналагічную правакацыю.

Акрамя таго, трэба разумець, што ў Паліенкі і зараз вісіць “крыміналка” па графіці і размяшчэнне нейкіх матэрыялаў з ухілам экстрэмізма. Магчыма, усё гэта таксама улічаць і скарыстаюць. Так што перспектывы для Змітра не вельмі добрыя.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Севярынец
  • Цімох Дранчук
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Аляксандар Арастовіч
  • Уладзімер Кобец