Ці працягнецца ціск на Міхаіла Жамчужнага пры новым начальніку калоніі?

У Горацкай калоніі змяніўся начальнік пасля таго, як палітвязень Міхаіл Жамчужны распавёў правяраючым пра тыя парушэнні, што адбываюцца ва ўстанове. Ці спыняцца пасля гэтага рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцы?

“Не выключаю, што новы начальнік калоніі, можа быць, і пабаіцца для сябе такога фіналу, які напаткаў яго папярэдніка, і не будзе перагібаць з ціскам”, – мяркуе былы палітвязень Мікола Дзядок.

Як паведаміў ПЦ “Вясна”, палітзняволены Міхаіл Жамчужны пасля ўтрымання ў ШІЗА з 20 верасня змешчаны на месяц ў памяшканне камернага тыпу.

Міхаіл напісаў таксама, што калоніі праводзілі праверку, падчас якой яму давялося паразмаўляць з правяраючым і ўказаць на шэраг парушэнняў ва ўмовах утрымання, а таксама на катаванні і прыніжэнне чалавечай годнасці асуджаных. Неўзабаве пасля праверкі ў калоніі змяніўся начальнік, хаця нейкіх надзей на змены ў стаўленні да яго з боку адміністрацыі калоніі палітзняволены не ўскладае.

У апошні час палітвязень адбыў у ШІЗА практычна без перапынку каля 100 (!) сутак.

“Гэтая ракіроўка ў калоніі можа змяніць тую сітуацыю, у якую патрапіў Міхаіл Жамчужны, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітычны зняволены Мікола Дзядок.Таму што КДБ і іншыя службы звычайна даюць загад – чыніць ціск. Аднак тут пытанне: як менавіта чыніць? І вось гэта нярэдка вызначае адміністрацыі калоніі”.

Мікола Дзядок адзначае, што некаторыя начальнікі калоній спрабуюць “выслужыцца” і канкрэтна псуюць чалавеку жыццё, а некаторыя выконваюць загад, так бы мовіць, без энтузіязма, па мінімуме.

“Таму стаўленне да вязня, безумоўна, залежыць ад начальніка калоніі, – дадае суразмоўца. – Як і ад фактара асабістай непрыязні. Акрамя таго, новы начальнік калоніі, можа быць, і пабаіцца для сябе такога фіналу, які напаткаў яго папярэдніка, і не будзе перагібаць з ціскам”.

“У любым выпадку, горш за тую сітуацыю, у якой Міхаіл Жамчужны знаходзіцца зараз, ужо не будзе”, – лічыць Мікола Дзядок.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Славамір Адамовіч
  • Вадзім Лабковіч
  • Алесь Чарнышоў
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Іван Гапонаў