Палітвязень Міхаіл Жамчужны напісаў ужо восем заяў аб пераводзе ў бяспечнае месца

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання.

Палітвязень працягвае знаходзіцца ў ШІЗА.

З пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітычны зняволены, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. За гэта Міхаіла пастаянна караюць ШІЗА альбо змяшчэннем у ПКТ.

“Жамчужны працягвае знаходзіцца ў ШІЗА па надуманых прычынах і абскарджвае спагнанні, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Андрэй Бандарэнка.Адміністрацыя калоніі адмовілася пераводзіць яго ў бяспечнае месца і ўсяляк стараецца ўцягнуць Міхаіла ў канфлікт з іншымі асуджанымі. На сёняшні дзень ён напісаў ужо восем заяў аб пераводзе ў бяспечнае месца, і пры жаданні кіраўніцтва калоніі магло б вырашыць праблему ў адзін момант. Але яно спасылаецца на тое, што такія месцы ў калоніі не прадугледжаны”.

Са слоў А.Бандарэнкі, усе гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага – гэта “жаданне стварыць палітычнаму зняволенаму невыносныя ўмовы ўтрымання”.

“Адміністрацыя калоніі заплюшчыла вочы на сітуацыю, хаця ўсё гэта – прамое парушэнне не толькі патрабаванняў Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі (у тым ліку, магчымасці пераводу яго ў іншую калонію), але і міжнародных дамоў, якія забараняюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне”, – дадае праваабаронца.

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні