З Міхаіла Жамчужнага знялі “бірку экстрэміста”

Палітвязень Міхаіл Жамчужны праходзіць “акліматызацыю” ў калоніі ў Ваўкавыску, куды быў пераведзены не так даўно з Навасадаў. Зараз ён ужо перайшоў з каранціна ў адмысловы атрад для пенсіянераў.

“Акрамя таго, стала вядома, што зараз Жамужны не абавязаны насіць “бірку экстрэміста”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.  

Нагадаем, што не так даўно ў Барысаўскім раённым судзе разглядалася прадстаўленне адміністрацыі калоніі ў Навасадах, дзе да гэтага адбываў пакаранне Міхаіл Жамчужны, аб пераводзе яго на турэмны рэжым утрымання. Але справа была спыненая ў сувязі з тым, што адміністрацыя адклікала напярэдадні судовага пасяджэння сваё прадстаўленне.

Пасля гэтага стала вядома, што палітвязень пераведзены з папраўчай калоніі ў Навасадах у Ваўкавыскую калонію, дзе зараз і праходзіць “акліматызацыю”.

“Пасля каранціна Міхаіл ужо пераведзены ў атрад, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – Зараз стала вядома, што ён ужо не носіць чырвоную бірку экстрэміста, якая была выдадзена ў калоніі ў Навасадах, як “асобе, схільнай да экстрэмізму”. Але ў той жа час Жамчужны застаецца на прафілактычным ўліку са статусам “схільнага да экстрэмізма”. У Навасадах Міхаіл павінен быў увесь час хадзіць з гэтай ганебнай біркай і, да таго ж, яго дадаткова правяралі. На новым месцы адмянілі і гэтыя праверкі. Хаця за ім застаецца статус парушальніка рэжыма, які быў прысвоены яшчэ ў Навасадах, а таму ёсць пэўныя абмежаванні па карыстанні сваімі грашовымі сродкамі”.

Са слоў праваабаронцы, пакуль што Міхаіл Жамчужны абжываецца ў калоніі, але на ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Час пакажа, як далей будуць складацца адносіны з адміністрацыяй папраўчай установы.

“Міхаіл змешчаны у атрад пенсіянераў, не працуе і шмат піша лістоў на волю”, – дадае суразмоўца.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні