Зміцер Дашкевіч: “Лібералізацыя” скончылася, як толькі ўлада адчула ўнутраную небяспеку для сябе

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра прызнанне Сяргея Пальчэўскага, справу “Белага легіёна” і ціск на нацыянальна свядомыя сілы Беларусі.

“Зважаючы на тое, што скандал па “справе патрыётаў” ужо паднялі ў дзяржаўных СМІ, відаць, справа не спыніцца так хутка, як хацелася б, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Пэўны час людзям ўсё-такі прыйдзецца пасядзець за кратамі. Колькі часу? Мяркую, гэта будзе залежыць у тым ліку ад нас – грамадзянскай супольнасці. Ад таго, наколькі мы будзем эфектыўна змагацца за вызваленне людзей…”

Нагадаем, што днямі ў суполцы маладафронтаўцаў у фэйсбуку з’явіўся допіс ад імя актывіста Сяргея Пальчэўскага, які з’яўяецца фігурантам “справы патрыётаў” і не так даўно быў вызвалены з СІЗА. Пальчэўскага шантажавалі крымінальнай справай за ДТЗ, а таксама пагражалі апублікаваць падрабязнасці яго інтымнага жыцця. “Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёння я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права», — напісаў актывіст.

– Тое, што Сяргей Пальчэўскі распавёў грамадскасці пра сітуацыю, – гэта годны ўчынак мужнага чалавека, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Ён прызнаў тое, што зрабіў такую рэч пад ціскам, але асабіста ў мяне нічога не змяняецца ў стаўленні да Сяргея пасля гэтага. Як быў маім сябрам і паплечнікам, такім і застанецца. Будзем з ім і надалей разам працаваць.

Як вядома, некаторыя маладафронтаўцы і раней падпісвалі нейкія паперы, каб толькі выйшлі сябры на волю, але пра гэта ўсе ведалі. Але да Сяргея зараз усё больш гвалтоўна рабілася. Але што змяняецца нават калі нешта і падпісаў? Асабіста мы ўнутры арганізацыі праблемы не бачым. Людзі не зрабілі ніякага злачынства ні ў дачыненні да сябе, ні ў дачыненні да сяброў.

У сацыяльных сетках тэму, безумоўна, абмяркоўваюць, ёсць каментары, якія пішуцца невядома ў якіх кабінетах, але сітуацыя ж не новая. Колькі ўжо палітычных актывістаў распавядалі пра падобны ціск і досвед, але ж усе спакойна працуюць. І ўвогуле, добра нешта каментаваць на канапе. Але, калі трапляеш у сітуацыю, калі ад нейкага подпіса можа залежыць вызваленне чалавека, то па-іншаму ставішся.

– Калі казаць пра “справу патрыётаў”, то якія вам бачацца перспектывы?

– Зважаючы на тое, што скандал ужо паднялі ў дзяржаўных СМІ з нагоды “ліквідацыі банды” (распавядалі “страшылкі”, паказвалі фільмы пра “баевікоў” і іх зброю), відаць, справа не спыніцца так хутка, як хацелася б. Пэўны час людзям ўсё-такі прыйдзецца пасядзець за кратамі. Колькі часу? Мяркую, гэта будзе залежыць у тым ліку ад нас – грамадзянскай супольнасці. Ад таго, наколькі мы будзем эфектыўна змагацца за вызваленне патрыётаў.

– Ёсць меркаванне, што справу могуць паціху “спусціць на тармазах”…

– Цалкам верагодна, бо, напрыклад, у дачыненні да ксяндза Лазара альбо ваеннага аналітыка Алесіна таксама ўзбуджаліся гучныя крымінальныя справы пра шпіянаж… Людзі сядзелі, затым іх вызвалялі пад падпіску і ўсё – гадамі ні судоў няма па справах, ні рухаў у гэтым накірунку.

Калі мяне затрымалі па “справе патрыётаў”, давалі пачытаць пэўныя дакументы. І гэта – пустыя паперы! Я не ўяўляю, як па іх наогул можна давесці да суда справу. Не ведаю, якая доказная база маецца яшчэ, але, паўтаруся, тое, што я бачыў, гэта проста неверагодна. У судзе над гэтым смяяліся б.

– Чаму, на ваш погляд, ударылі менавіта па нацыяльна свядомых людзях? Пастараліся беларускія сілавікі з прарасійскімі настроямі? Улады вырашылі дагадзіць Маскве? Альбо проста, каб запалохаць грамадства, калі людзі пачалі выходзіць на вуліцу з пратэстамі?

– Я не веру ў нейкія змовы. Маўляю, Лукашэнка нічога не ведае, а сілавікі распрацавалі свой сцэнар і чымсьці кіруюць. Гэта – самападман. Паказальна, што спачатку з вуснаў Лукашэнкі прагучала пра дзесяткі затрыманых і толькі пасля гэтага людзей пачалі затрымліваць. І толькі дні праз тры гэтыя дзесяткі апынуліся за кратамі.

Улада спужалася той хвалі пратэстаў, якая ўзнялася ў Беларусі. І калі былі фобіі, што нехта выкарыстае гэтыя сацыяльныя пратэсты дзеля захопу ўлады, то яны і выявіліся падчас чарговай зачысткі. Праўда, калі кідаюць за краты палітычных апанентаў, то там больш-менш усё зразумела. Але ж у нашым выпадку асноўнымі фігурантамі справы з’яўляюцца нацыянальна свядомыя людзі, якія працавалі на дзяржаўнай службе. Таму, на мой погляд, абсалютна абсурдная справа, і я не ведаю, якім чынам яна будзе прадстаўлена ў судзе.

– Стваралася ўражанне, што ўлады апошнім часам пачалі клапаціцца пра мову, нацыянальныя інтарэсы і раптам – такі ўдар па нацыянальных патрыётах. Што здарылася?

– Мяркую, што беларускія патрыёты жывуць па класіку “обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад”. Гэта, калі нейкія словы ўспрымаюцца, як быццам нязменны курс дзяржавы.

Безумоўна, беларускія ўлады былі напалоханы крымскімі падзеямі, і пэўная зялёная дарога была дадзена патрыётам. Раней, калі некалькі дзесяткаў маладафронтаўцаў сустракаліся на нейкае мерапрыемства, нас адразу ж закідвалі ў аўтазакі. А пасля Крыма мы маглі дзейнічаць нават з “Ваяром”. Але не больш за тое. Каб улада сапраўды жадала ўзняць патрыятызм у краіне і прабеларускія настроі, то хаця б Лявону Вольскаму альбо Зміцеру Вайцюшкевічу трэба было дазволіць сапакойна выступаць на галоўных пляцоўках краіны. І не трэба было б ніякай прапаганды, музыканты самі б паднялі патрыятызм у разы.

Але ж мы бачым, што “лібералізацыя” скончылася ў момант, як толькі ўлада адчула ўнутраную небяспеку для сябе.

– Перад затрыманнем маладафронтаўцы мужна абаранялі Курапаты. Можа быць, з боку уладаў была своеасаблівая помства і за тую вашу перамогу?

– Маладафронтаўцам на допытах узгадвалі і вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі ля КДБ, і розныя акцыі… Паказальна, што тыя шэсць чалавек, якія распачалі варту ля Курапат, і былі арыштаваныя, калі пачалася “справа патрыётаў”. Гэта, можа быць, такі знак усім тым, хто хацеў бы далучыцца да нацыянальнага руху, да нас. Маўляў, калі зашмат будзеце на сябе браць, то скончыце гэдак жа сама. Але не думаю, што некага можна такім чынам запужаць.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Ус
  • Зьміцер Даронін
  • Аляксандар Шалайка
  • Павал Сырамолатаў
  • Алег Сурган