Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра сумнавядомы артыкул, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незагістраванай арганізацыі.

“Калі гэты артыкул з’явіўся ў Крымінальным кодэксе, улады думалі такім чынам знішчыць непадкантрольную грамадзянскую супольнасць”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што 18 ліпеня быў апошні дзень, калі юрыдычна дзейнічаў артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса — “Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці”.

У верасні 2006 года Зміцер Дашкевіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў менавіта паводле гэтага артыкула, які быў прыняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

1 лістапада 2006 года Кастрычніцкі раённы суд Мінска прызнаў Дашкевіча вінаватым і асудзіў яго да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

“Дэ-юрэ дзяржава прызнала тое, што працавала дэ-факта, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Хаця, па вялікім рахунку, нічога новага не адбылося. Калі гэты артыкул з’явіўся ў Крымінальным кодэксе, улады думалі такім чынам знішчыць непадкантрольную грамадзянскую супольнасць.

І напачатку ў іх гэта як быццам атрымалася. Разграмілі грамадскую арганізацыю “Партнёрства”, якая займалася назіраннем за выбарамі, трох сябраў адправілі за краты. Структура знікла, і ўлады падумалі, што такім чынам можна будзе зачысціць і астатніх”.

Зміцер Дашкевіч адзначае, што на “Маладым фронце” гэты крымінальны артыкул даў збой.

“Мне з двух магчымых гадоў зняволення далі паўтары гады, – распавядае былы палітвязень. – Пачалі цягнуць у суд усіх астатніх маладафронтаўцаў, але тыя ў судзе сказалі: мы дзейнічалі і будзем дзейнічаць у любым выпадку.

Для беларускага рэжыма было ўжо пераборам – пачакамі адпраўляць у турму непаўнагадовых актывістаў альбо тых, хто толькі дасягнуў поўнагадовага ўзросту. Таму некаторым далі штрафы, камусьці проста вынеслі папярэджанне”.

Фактычна з тых часоў было замаруджана прымяненне гэтага артыкула ў дачыненні да палітычнай апазіцыі.

“Трэба дадаць, што гэта быў, напэўна, адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Калі быць прыдзірлівым з юрыдычнага боку, то пад яго магло патрапіць любое аб’яднанне людзей. Скажам, жыхароў дома, якія змагаюцца за азелянення на сваёй вуліцы.

Для ўлады прымяняць гэты палітычны артыкул ў XXI стагоддзі – гэта ўжо занадта. Цяжка будзе затым тлумачыць на міжнародным узроўні, што ў краіне няма палітвязняў.

palitviazni.info

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні