Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

У Мінску прайшоў чарговы турнір па стральбе імя генерала Фралова на прызы «БелГазеты», і пераможцам у стральбе з аўтамата стаў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

“Шчыра кажучы, я асабліва страляць і не вучыўся”, – прызнаўся Зміцер сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што Валерый Фралоў – апазіцыйны палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання. Ён памёр 9 лістапада 2014 года ва ўзросце 67 гадоў.

“Хоць нейкія перамогі ў гэтым жыцці здараюцца, – з жартам кажа Зміцер Дашкевіч. – Шчыра кажучы, я асабліва страляць і не вучыўся. Раз на год мяне выцягваюць на гэты турнір і, як бачым, штосьці атрымліваецца. Два гады займаў на гэтых спаборніцтвах 2-е і 3-е месца, а зараз і пераможцам стаў”.

Са слоў Змітра, падчас збораў, якія ладзіў “Ваяр”, гулялі ў страйкбол, і там была таксама стральба, але гэта ўсё было не на прафесійным узроўні.

“А ўвогуле, у той сітуацыі, у якой мы жывем, у нас, як у Ізраілі, павінна быць усеагульная вайсковая падрыхтоўка, хаця я супраць той савецкай арміі, што пануе ў Беларусі, – дадае Зміцер Дашкевіч. – Думаю, патрэбны нейкія альтэрнатыўныя метады вайсковай падрыхтоўкі, каб людзі сапраўды ведалі што гэта такое, каб умелі карыстацца зброяй, але барані Бог, каб давялося яе калі-небудзь прымяніць”.

palitviazni.info

Фота: belsat.eu

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні