Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці зменіцца характар рэпрэсій у Беларусі са зменай міністра ўнутраных спраў.

“Прозвішы не маюць нікага значэння. Усе яны – пешкі ў руках вярхоўнай улады, якія перасоўваюць туды-сюды. Яны ні на што не ўплываюць”, – кажа Зміцер.

Нагадаем: 10 чэрвеня стала вядома, што напісаў рапарт на звальненне адыёзны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, пры якім у краіне было распачата даволі шмат гучных палітычных спраў.

Сёння на месца Шуневіча прызначаны Юрый Караеў, які да апошняга часу працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў – камандуючага ўнутранымі войскамі.

“Былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч здолеў настроіць супраць сябе такі шырокі спектр насельніцтва: ад хрысціян (за знос крыжоў у Курапатах) да сексуальных меншасцяў (выказваннямі пра “дзіравых” і барацьбой з вясёлкавымі сцягамі), што незразумела, што, у рэшце ршт, дапамагло: малітвы адных ці лобі іншых”, – так пракаментаваў у Фэйсбук адстаўку Шуневіча былы палітвязень і гісторык Зміцер Дрозд.

А вось грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч даволі песімістычна ацэньвае кадравыя перамены ў МУС.

“Я ніяк не ўспрымаю перастаноўку месцаў складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце, – кажа Зміцер. – Таму адстаўка Шуневіча нічога не азначае. Пры любым міністры ўнутраных спраў, пры любым генеральным пракуроры, пры любым старшыні Цэнтрвыбаркама ў наяўнай сістэме Беларусі будзе адбывацца тое, што адбываецца з 1994 года.

А прозвішы не маюць нікага значэння. Усе яны – пешкі ў руках вярхоўнай улады, якія перасоўваюць туды-сюды. Яны ні на што не ўплываюць”.

У той жа час Зміцер Дашкевіч адзначае, што фігура Ігара Шуневіча была больш адыёзная, чым некаторых яго папярэднікаў:

“Шуневіч апранаў форму супрацоўніка НКУС, нярэдка размаўляў на “фені”, як звычайны турэмшчык. Шуневіч – яскравы малюнак эпохі, у якой мы жывем цяпер. Таму ўсё тое, што было раней, застанецца і надалей: і рэпрэсіі, і пераслед іншадумцаў, і непразрыстыя выбары”.

palitviazni.info

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні