Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

25 кастрычніка, у Мінскім гарадскім судзе будзе вынесена рашэнне па справе сацыяльнага актывіста і былога палітвязня Зміцера Паліенкі.

“Па вялікім рахунку, менавіты за тыя артыкулы, якія знялі, Змітра і судзяць, але знайшлі выйсце, каб аформіць афіцыйны прысуд іншым чынам”, – распавядае сайту palitviazni.info актывіст Зміцер Дашкевіч.

Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год. Прысуд будзе абвешчаны 25 кастрычніка.

“Тое, што справа мае палітычны складнік, гэта адназначна, – кажа былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. – Зміцер, займаючыся грамадска-палітычнай дзейнасцю, натуральна, дапусціў некаторыя памылкі. Бо, калі ты кідаеш такія выразныя выклікі сістэме, то трэба вельмі моцна сачыць за сваімі рухамі.

Тое, што ён распыліў пярцовы газ, гэта, безумоўна, кепска, але ж пакаранне павінна быць суразмернае з учыненым”.

Зміцер Дашкевіч прыводзіць яскравую паралель – улетку да абаронцаў Курапатаў прычапіўся нейкі правакатар і распыліў газ з пярцовага балончыка ў вочы аднаму з абаронцаў Віктару Шапуцьку.

“І якое ў выніку пакаранне вынеслі гэтаму правакатару? Штраф у некалькі базавых велічынь, -адзначае Зміцер Дашкевіч. – Вось і параўноўвайце гэты прысуд, калі далі штраф, і справу Паліенкі, для якога пракурор запрасіў 6 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыма. Як бачым, закон у нашай дзяржаве, як дышаль. За адное і то ж злачынства апазіцыянеру могуць даць 10 гадоў зняволення, а адэпту рэжыма памахаюць пальчыкам і скажуць “ай-яй-яй”.

Зміцер Дашкевіч лічыць, што абвінавачванні па іншых артыкулах са Змітра Паліенкі знялі, бо яны былі выразна палітычнымі.

“Па вялікім рахунку, менавіты за тыя артыкулы Змітра і судзяць, але знайшлі выхад, каб аформіць афіцыйны прысуд іншым чынам”, – дадае спадар Дашкевіч.

palitviazni.info

Фота: Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лобан
  • Алесь Чарнышоў
  • Іван Крук
  • Уладзімер Хамічэнка