Таццяна Равяка: Мы прытрымліваемся падыходаў, якія выпрацаваны гадамі

Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла сайту palitviazni.info пра новую крымінальную справу ў адносінах да Андрэя Бандарэнкі, узмацненне ціску на Міхаіла Жамчужнага і пра тое, наколькі актуальнае сёння пытанне беларускіх палітвязняў.

“Праваабаронцы тэму палітвязняў пастаянна трымаць “на слыху”, і падчас нашых сустрэч з прадстаўнікамі міжнародных структур яна пастаянна фігуруе”, – кажа суразмоўца.

Як вядома, прызначаны дзень папярэдняга судовага пасяджэння над былым кіраўніком праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэем Бандарэнкам, які зараз адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4. Яно адбудзецца ў Ленінскім раённым судзе Магілёва 9 лютага ў 10.30.

У той жа час стала вядома, што адміністрацыя  папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, дзе адбывае пакаранне заснавальнік “Платформ інавэйшн”  Міхаіл Жамчужны, накіравала ў суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны, тэрмінам на тры гады.

– Узмацненне ціску на Жамчужнага і Бандарэнку практычна ў адзін час – супадзенне ці тут ёсць пэўная заканамернасць?

– Безумоўна, можна звязаць такі сінхронны рэпрэсіўны ціск адразу на двух былых кіраўнікоў адной праваабарончай арганізацыі. Трэба прызнаць, што зараз для міжнароднай супольнасці тэма беларускіх палітычна матываваных спраў, як кажуць, не на першых ролях, а таму палітычныя зняволеныя становяцца больш уразлівымі. Суадносна, больш развязаныя рукі ў тых, хто прымае рэпрэсіўныя меры ў адносінах да іх. Нашай унутранай праваабарончай увагі і падтрымкі вязняў аказваецца не дастаткова для таго, каб сітуацыя пераламілася.

– Ці азначае гэта, што Андрэй Бандарэнка можа рэальна атрымаць новы тэрмін зняволення?

– Мне б гэтага вельмі не хацелася, але і выключаць такога таксама нельга. Магчыма, некаторыя дзеянні міжнароднага ціску па гэтай справе мы не ведаем. Ва ўсялякім выпадку, публічна пра гэта не заяўляецца, хаця, можа быць, у кулуарах ды падчас перамоў нешта адбываецца.

А гэта, безумоўна, можа стаць адным з рычагоў уплыву на сітуацыю. Так, як гэта адбывалася па палітычна матываваных справах мінулага году, калі крымінальны махавік быў запушчаны, але суд прымаў не самыя жорсткія рашэнні. Людзям давалі тэрміны, але яны не былі звязаны з пазбаўленнем волі. Калі такія працэсы працягваюцца (а я на гэта таксама спадзяюся), то судовае рашэнне Бандарэнку можа быць не самым жорсткім.

Ці змогуць журналісты і прадстаўнікі грамадскасці прысутнічаць на працэсе?

– На гэты момант – невядома. 9 лютага, падчас папярэдняга пасяджэння, думаю, з’явіцца нейкая пэўнасць з нагоды таго, як пройдзе працэс. Сам суд будзе адкрытым, але ён можа стаць аб’ектыўна закрытым, калі вырашаць праводзіць яго на тэрыторыі турмы. А на рэжымны аб’ект, натуральна, не змогуць патрапіць усе жадаючыя.

Таму яшчэ раз звяртаюся да журналістаў, каб тыя акрэдытаваліся ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Па-першае, суд будзе бачыць увагу да працэса і тады, магчыма, прымуць рашэнне праводзіць яго ў будынку суда, а не на тэрыторыі турмы. Па-другое, з акрэдытацыяй у прадстаўнікоў СМІ будзе ў шанц патрапіць і на суд у турме, калі вырашаць праводзіць яго там. Працэс не павінен быць поўнасць ізаляваным ад грамадскасці.

– Міхаілу Жамчужнаму таксама зменяць рэжым утрымання на турэмны…

– Пакуль справа аб пераводзе яго ў турму знаходзіцца ў судзе Барысаўскага раёна. Рашэння яшчэ няма.

– Раней падчас нейкіх прэс-канферэнцый кіраўніка краіны журналісты пастаянна падымалі пытанне вызвалення палітвязняў, але апошнім часам гэтага няма. Чым вы можаце гэта патлумачыць?

–  Тэма не знікла, але, як ужо казала, яна перастала быць настолькі вострай і прыярытэтнай, як гэта было, скажам, пасля масавых арыштаў 2010 году. Зменшылася колькасць палітвязняў, гэта не самыя публічныя асобы… Але для нас у любым выпадку – кожны чалавек мае такую ж каштоўнасць, як і публічная асоба.

Той жа Міхаіл Жамчужны не вельмі вядомы, але на сёняшні момант ён прызнаны палітвязнем. Палітычным зняволеным мы лічам і пенсіянера Аляксандра Лапіцкага, які да гэтага часу знаходзіцца ў псіхіятрычнай лякарні. Калі ж вынесуць прысуд Андрэю Бандарэнку, то і ён будзе прызнаны “палітычным”.

Увогуле, праваабаронцы тэму палітвязняў пастаянна трымаць “на слыху”, і падчас нашых сустрэч з прадстаўнікамі міжнародных структур яна пастаянна фігуруе.

– Некаторыя палітыкі ў Беларусі складаюць свае спісы палітвязняў, і гэтыя спісы значна большыя за праваабарончыя…

– У кожнага ёсць права выказаць сваё меркаванне па той ці іншай справе. Калі мы заяўляем сваю пазіцыю, мы яе абгрунтоўваем тымі падыходамі, якія выкарыстоўваем. Робім заяву, у якой тлумачым, чаму той альбо іншы чалавек прызнаны палітычным зняволеным.

У нас ёсць розніца ў меркаваннях, і паралельныя спісы палітвязняў з’явіліся не сёння. І тут я таксама разумею палітыкаў, бо яны шчыра хочуць дапамагчы нейкім чынам, скажам, сябрам партый ці іншых грамадскім актывістам, якія патрапілі ў складаную сітуацыю. Але, паўтаруся, мы прытрымліваемся падыходаў, якія выпрацаваны гадамі і з’яўляюцца агульнымі на міжнародным узроўні. У нас, можа быць, больш жорсткія патрабаванні, але яны такія.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Бандажэўскі
  • Андрэй Клімаў