Міхаіл Жамчужны: Мне прапанавалі адмовіцца ад “звання палітвязня”

14110101Палітвязень Міхаіл Жамчужны даслаў чарговы ліст віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку, у якім паскардзіўся на тое, што адміністрацыя калоніі знішчае яго лісты на волю.

“Мне ўжо стала вядома пра шэсць фактаў знішчэння маіх лістоў на волю, – піша Міхаіл Жамчужны. – Гэтаму ёсць і дакументальныя доказы. Планую ў перспектыве ў Дэпартаменце выканання пакарання  апратэставаць з дапамогай адваката пазбаўленне мяне права на перапіску, а затым будзем звяртацца і да пракурора”.

Акрамя таго, па словах палітвязня, які ў калоніі атрымаў статус “схільнага да экстрэмізму”, паслядоўна вядзецца і працэдура абскарджвання гэтага статуса.

“Па працэдуры абскарджвання майго новага статуса я іду строга па законе, – напісаў Міхаіл Жамчужны. – Інакш мае пратэсты будуць вяртацца службовымі асобамі. Дарэчы, рапарт аб маёй “схільнасці да экстрэмізма” напісаў супрацоўнік аператыўнага аддзела. Мяне нават не паставілі пра гэта ў вядомасць, не пазнаёміліся са зместам прэтэнзій. Я звярнуўся за тлумачэннямі да начальніка рэжымнага аддзела, але той сказаў, што рашэнне прымалася калегіяльна на камісіі, на якую мяне ізноў-такі ніхто не запрасіў, каб я даў тлумачэнні ці мог абараніцца… Таксама за тлумачэннямі я звярнуўся да намесніка начальніка калоніі, які мне паведаміў, што я з’яўляюся “схільным да экстрэмізму” па сукупнасці артыкулаў”.

Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе, што некалькі разоў яго выклікалі на “размову” да аператыўных супрацоўнікаў.

“Мне прапанавалі “адмовіцца ад звання палітвязня”, і пра гэта ў пісьмовай форме праінфармаваць грамадскасць, – піша ён. –  Я, натуральна, адмовіўся…”

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні