Палітвязня Дзядка восенню двойчы кідалі ў карцэр

Мікалай Дзядок ў верасні і кастрычніку двойчы быў пакараны карцэрам.

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла жонка актывіста Валерыя Хоціна.

«Вядома з ягоных лістоў, што двойчы трапляў у ШІЗА. У верасні на 10 сутак, а ў кастрычніку – на пяць, у самым пачатку месяца. За што пакаралі? Пра верасень напісаў, што прычапіліся да таго, што быў у камеры ў спартыўным касцюме. А пра кастрычнік не напісаў, таму не ведаю.

Яшчэ адзін зуб яму вырвалі. Такім чынам, ён ужо два зубы страціў за гэтыя тры гады. А так кажа, што ўсё нармальна. Пісаў, што 15 кастрычніка яшчэ не ўключылі ацяпленне. Але, казаў, што ў асноўным не так холадна і можна трываць», – сказала яна.

Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Максім Веткін, якія праходзілі з ім па адной справе былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менска 27 мая 2011 года. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоснае хуліганства) і ч. 2 і 3 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім прыпісваецца шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.

Праваабаронцы мяркуюць, што прысуд Мікалаю Дзядку і іншым асуджаным ў гэтай справе палітычна матываваны, а яго прызнаюць палітычным зняволеным.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Юрый Бандажэўскі
  • Аляксандар Казакоў
  • Зьміцер Хведарук