Мікалай Дзядок працягвае скардзіцца ў Вярхоўны суд

Бацька палітвязьня Мікалая Дзядка Аляксандр Дзядок распавёў апошнія навіны пра сына.

«Піша, што ўсё ў яго ў парадку, здаровы, бадзёры. Рыхтуе чарговую наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду. Хоча прайсьці ўсе судовыя нацыянальныя інстанцыі ад першай да апошняй. Будзе зноў скардзіцца на судовае рашэньне па ягонай справе. Існуе наступны парадак абскарджваньня: касацыйны і наглядны. Наглядных інстанцый некалькі і ён прайшоў амаль усе, застаўся толькі старшыня Вярхоўнага суду асабіста. Вось да яго сын паспрабуе зьвярнуцца. Каб ў выпадку адмоўнага адказу ён меў ўсе юрыдычныя правы зьвяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі».

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел ў нападах на афіцыйныя будынкі. Сваёй віны Мікалай Дзядок не прызнаў. Па справе анархістаў таксама былі асуджаныя Ігар Аліневіч, які атрымаў 8 гадоў зьняволеньня і Аляксандр Францкевіч, пакараны 3 гадамі калёніі. Ў пачатку верасьня Аляксандр Францкевіч вызваліўся. «Сын напісаў, што ужо атрымаў ад Францкевіча ліст. Раней, калі абодва былі ў калёніях, перапіска паміж ім не дазвалялася, бо лічыліся саўдзельнікамі», — патлумачыў бацька палітвязьня Мікалая Дзядка Аяксандр Дзядок.

Мікалая Дзядка трымаюць, як і Мікалая Статкевіча, у крытай магілёўскай турме.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Вінаградаў
  • Сяргей Башарымаў
  • Уладзімер Плешчанка
  • Уладзімер Лобан